Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці затрымалі фуру з акумулятарнымі батарэямі, якая выяжджала з тэрыторыі прадпрыемства. Яны падазраюць, што на заводзе падчас пусканаладачных працаў пачаўся выпуск прадукцыі.
На прадпрыемстве кажуць пра завяршэньне «працэсу выпрабаваньня пад нагрузкай участка фармаваньня і зараду акумулятарных батарэй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На акцыю супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці выйшла 120 чалавек. Адзін з актывістаў затрыманы ля свайго дома.
«Фура была забітая акумулятарамі бязь бірак»
Актывісты круглыя суткі вядуць маніторынг сытуацыі вакол заводу. Актывістка Марыя Галалюк сказала карэспандэнту Свабоды, што позна ўвечары 12 траўня з тэрыторыі заводу выехала фура.
«Гэта ў нас выклікала падазрэньне, бо пусканаладачныя працы адбываюцца на заводзе з 8 да 20 гадзіны. Мы зразумелі, што тут нешта нядобрае. Мы паехалі ў пагоню за фурай і выклікалі міліцыю. Каля Драгічына фуру спынілі і паглядзелі дакумэнты ў кіроўцы. У яго былі ўсе транспартныя накладныя. Кіроўца сказаў адразу, што фура загружаная. Мы былі проста ў шоку. Фура была забітая акумулятарамі бязь бірак. Паводле транспартных накладных, яны ішлі зь Берасьця ў Пінск як акумулятары „Зубар“. Але ніякіх налепак не было».
Пра гэты выпадак актывісты паведамілі ў розныя дзяржаўныя інстанцыі. Але міліцыя правапарушэньня не знайшла, і кіроўцу з фурай адпусьцілі.
Марыя Гагалюк паведаміла, што на момант інтэрвію актывісты пачалі пагоню яшчэ за адной машынай, якая выехала з тэрыторыі заводу. Што яна вывозіць з заводу, пакуль невядома.
Паводле актывістаў, падчас пусканаладачных прац, якія праводзяцца з 8 да 20 гадзіны, на заводзе не павінна вырабляцца прадукцыя на продаж.
«А мы бачым нелегальны выраб прадукцыі і перавоз яе на іншае прадпрыемства для далейшага продажу».
11 траўня пасьля 23 гадзіны актывісты таксама заўважылі моцны едкі дым з трубаў заводу. Яны цьвердзяць, што праз гадзіну быў другі выкід з хімічным пахам.
«То бок завод працаваў па начах. Усё тое самае, як і ў Белаазёрску. Усе брудныя справы робяцца ноччу», — сказала Марыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Малы, зачынены ў аўтамабілі, ашалела крычаў». 4-гадовы сын праціўніка акумулятарнага заводу бачыў яго затрыманьне«Для выпрабаваньняў былі выкарыстаныя паўфабрыкаты АКБ»
У групе кампаній «1AK-Group», якой належыць акумулятарны завод «АйПауэр» у Берасьці, карэспандэнту Свабоды паведамілі, што прадукцыя там яшчэ не вырабляецца. А ў фуры перавозілі «паўфабрыкаты акумулятарных батарэй для выпрабаваньняў».
Паводле «1AK-Group», завод праходзіць працэс «прыёмкі аб’екта будаўніцтва ў эксплюатацыю». Цяпер «завершаны працэс выпрабаваньня пад нагрузкай участка фармаваньня і зараду акумулятарных батарэй».
«Для вызначэньня эфэктыўнасьці працы ўстаноўкі ачышчэньня выкідаў сернай кіслаты ў атмасфэрнае паветра ад участку фармаваньня і зараду акумулятарных батарэй былі выкарыстаныя паўфабрыкаты АКБ для выпрабаваньняў працы тэхналягічнага абсталяваньня пад нагрузкай», — адказаў дырэктар ТАА «АйПауэр» Сяргей Мельніковіч.
Гэтыя паўфабрыкаты паступілі на ТАА «АйПауэр» і, паводле інфармацыі прадпрыемства, былі выкарыстаныя для:
- правядзеньня выпрабаваньняў устаноўленага лябараторнага абсталяваньня;
- правядзеньня індывідуальнага і комплекснага апрабаваньня абсталяваньня ваннаў фармаваньня і стоек фармавальнікаў.
Раней на сайце кампаніі паведамлялася, што «дадаткова праводзяцца выпрабаваньні акумулятарных батарэй, вырабленых у працэсе пусканаладачных работ, на адпаведнасьць тэхнічным умовам».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.