13–14 траўня дэлегацыя Беларусі на чале з намесьнікам старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімерам Сізовым бярэ ўдзел у пасяджэньні Міжнароднай асацыяцыі транспартавальнікаў нафты ў Браціславе.
У склад дэлегацыі ўваходзяць кіраўнікі «Гомельтранснафта Дружба», якая зьяўляецца чальцом асацыяцыі, паведамляецца на афіцыйным сайце «Белнафтахіму».
Адзначаецца, што галоўная мэта беларускай дэлегацыі — выпрацоўка дакладнага пляну дзеяньняў транспартавальнікаў нафты і яе эўрапейскіх спажыўцоў у Вугоршчыне, Нямеччыне, Польшчы, Славакіі і Чэхіі для апэратыўнага аднаўленьня транзыту па «Дружбе» ў кірунку гэтых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па справе аб «бруднай нафце» у нафтаправодзе «Дружба» затрыманыя чатыры чалавекіУлічваючы важнасьць беларускага нафтатранспартнага калідора для найбуйнейшых эўрапейскіх транспартавальнікаў і спажыўцоў вуглевадароднай сыравіны, беларуская дэлегацыя разьлічвае на больш хуткае ўрэгуляваньне спрэчных пытаньняў паміж бакамі.
Нагадваецца, што транспартаваньне нафты па магістральным нафтаправодзе «Дружба» было спынена з прычыны забруджваньня арганічнымі хлярыдамі.
Што такое МАТН
Міжнародная асацыяцыя транспартавальнікаў нафты (MATH) была створаная ў 2013 годзе як добраахвотная некамэрцыйная няўрадавая арганізацыя. Яе мэтай стала падтрымка сяброў асацыяцыі, якія ажыцьцяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасьць у галіне транспартаваньня нафты і нафтапрадуктаў, а таксама каардынацыя дзеля найбольш спрыяльных умоў дзейнасьці.
Цяпер МАТН аб’ядноўвае арганізацыі з васьмі краінаў: Беларусі, Вугоршчыны, Казахстану, Кітая, Расеі, Славаччыны, Украіны, Чэхіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім»: няякасная расейская нафта нэгатыўна паўплывае на ўсю галіну нафтахімііДнямі Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што Беларусь назаве суму шкоды ад паступленьня забруджанай нафты ў нафтаправод «Дружба» пасьля рэвізіі нафтаперапрацоўчых заводаў. Ён падкрэсьліў, што вельмі нэгатыўна ацэньвае тое, што здарылася.
«Расхлябанасьць і бязладнасьць на тэрыторыі Расеі (а гэта тысячы кілямэтраў) — і велізарная труба была забруджаная атрутнай нафтай, — сказаў Лукашэнка. — За тыдзень нават трубу, па якой прапампоўваецца нафта, на 4-5 мм, як кажуць спэцыялісты, зьядае».
Што тычыцца канкрэтнай сумы шкоды, яна пакуль невядомая, але відавочна, што будзе вельмі вялікая, адзначыў Лукашэнка.
«Мы недаатрымалі пэўны прыбытак, валютную выручку, транзыт — мы велізарныя грошы страцілі. Гэта сотні мільёнаў даляраў. Журналісты часта гэтую суму называюць, яны недалёкія ад праўды», — дадаў Лукашэнка.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту