Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо накіраваўся ў Расею на перамовы зь яе прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным на фоне ўсё большай напружанасьці паміж дзьвюма краінамі.
Як паведамілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце, ён мае прыбыць 13 траўня ў Маскву, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі амбасады ЗША і амэрыканскай бізнэс-супольнасці, занепакоенай арыштам у Расеі апошнімі месяцамі двух амэрыканцаў, сярод іх вядомага інвэстара Майкла Калві.
Пасьля гэтага 14 траўня дзяржсакратар мае прыбыць у Сочы на перамовы з прэзыдэнтам Расеі, а таксама з расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым.
Гэта першы візыт Пампэо ў Расею на пасадзе дзяржсакратара ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША абвясьціў пра свой першы візыт у РасеюПапярэднія дні ў Вашынгтоне пра гэты візыт паведамлялі, што, акрамя амэрыканска-расейскіх рознагалосьсяў ў пытаньнях кантролю над узбраеньнямі, тэмамі перамоваў Пампэо і Пуціна будуць, у прыватнасьці, становішча ва Ўкраіне, Сырыі, крызіс у Вэнэсуэле, а таксама Іран — ва ўсіх гэтых выпадках пазыцыі Вашынгтону і Масквы супрацьлеглыя.
Як сказаў тады журналістам неназваны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, «калі мы абмяркоўваем нашу палітыку ў дачыненьні да Расеі, мы мусім зыходзіць з таго, каб адкрыта прызнаць: Расея ўчыніла на сусьветнай сцэне шэраг агрэсіўных і дэстабілізуючых дзеяньняў».