Аляксандар Лукашэнка 11 траўня падчас размовы з журналістамі пры наведваньні Студэнцкай вёскі пракамэнтаваў затрыманьне былога намесьніка дзяржсакратара Савета бясьпекі Андрэя Ўцюрына, паведамляе БЕЛТА.
«Калі б ён у мяне быў па-за падазрэньнямі, ён бы да гэтага часу працаваў начальнікам Службы бясьпекі, — сказаў Лукашэнка. — Ужо тады да яго былі пытаньні. У мяне былі пэўныя падазрэньні. Яму быў дадзены шанец».
Лукашэнка заўважыў, што некаторыя зьвязваюць арышт Андрэя Ўцюрына і адхіленьне Міхаіла Бабіча ад пасады амбасадара Расеі ў Беларусі. Аднак, паводле беларускага кіраўніка, Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бясьпекі.
«Вось тады ў мяне былі сумневы, і літаральна празь некалькі месяцаў мне даклалі аб тым, што да яго ёсьць пытаньні, — адзначыў Лукашэнка. — Таму гэта ня мае ніякага дачыненьня да таго, што ён нібыта быў ці ледзь не агентам амбасадара Расеі».
Паводле Лукашэнкі, каля паўтара-двух гадоў былы кіраўнік Службы бясьпекі знаходзіўся пад кантролем спэцслужбаў, у якіх было шмат фактаў аб яго супрацьпраўнай дзейнасьці. «Але было маё жалезабэтоннае патрабаваньне: чалавек, які мае „індульгенцыю“ ад прэзыдэнта, павінен быць затрыманы толькі пры наяўнасьці жалезабэтонных доказаў», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Венядзіктаў: Уцюрын адказваў за асабістую бясьпеку Колі Лукашэнкі29 красавіка шэраг беларускіх СМІ паведамілі са спасылкай на ўласныя крыніцы пра затрыманьне Андрэя Ўцюрына — дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, былога начальніка Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.
Пра тое, што кіраўнік Беларусі звольніў палкоўніка Андрэя Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца», стала вядома ўвечары 30 красавіка. А адпаведны указ датаваны 24 красавіка.
Расейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на абазнаныя крыніцы, што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтую інфармацыю.
4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Уцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысяч даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму прад’яўленае абвінавачваньне ў атрыманьні хабару (ч.3 арт.430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога кіраўніка аховы Лукашэнкі затрымалі за супрацу з ФСБ, — «Росбалт»Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Займаў гэтую пасаду цягам 7 гадоў — найдаўжэй за ўсіх іншых кіраўнікоў. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Менск уцеклага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэка Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі ў 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра Службу бясьпекі Лукашэнкі, самую закрытую спэцслужбу Беларусі