Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў выказаў меркаваньне пра затрыманьне намесьніка Рады бясьпекі Беларусі Андрэя Ўцюрына.
— Хто такі Андрэй Уцюрын, які быў арыштаваны ў канцы красавіка? Гадоў 7 ён быў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта Лукашэнкі. Сам ён з самага пачатку прэзыдэнцтва прэзыдэнта Лукашэнкі быў у ягонай асабістай ахове. Дарос да начальніка службы бясьпекі, адказваў за бясьпеку ягонага сына Колі, які практычна вырас у яго на руках. Гэта значыць — блізкі-блізкі чалавек.
Коля Лукашэнка практычна вырас у яго на руках
Затым з пункту гледжаньня армейскага пайшоў на падвышэньне, намесьнікам сакратара Рады бясьпекі. Каб вы разумелі, Рада бясьпекі Рэспублікі Беларусь — гэта прыблізна тое ж самае, што Рада бясьпекі Рэспублікі Казахстан, якую цяпер узначальвае Назарбаеў. Туды ўваходзяць, перш за ўсё, усе сілавыя кіраўнікі ўсіх сілавых органаў Беларусі. Гэта такое палітбюро магутнае. Побач зь ім урад — нішто.
Цяпер дзяржсакратар Рэспублікі Беларусь павінен быў сысьці ў канцы 2018 года на іншую пасаду. Генэральнага сакратара АДКБ. І для Андрэя Ўцюрына адкрывалася вось гэтая пасада. Ён павінен быў стаць Мікалаем Патрушавым (сакратар Рады бясьпекі Расеі — РС).
І вось ён арыштаваны быў дзесьці 22 красавіка. Яму ставіцца атрыманьне хабару ад нейкага расейскага камэрсанта, які таксама затрыманы і які прызнаў сваю віну. І Ўцюрын прызнаў сваю віну. Памер хабару — 148 тысяч 600 даляраў. Я падумаў, чаму такая ня кругленькая. А потым зразумеў, што было 150 тысяч даляраў, 10% камусьці яны Павінны былі. Дакладней, адзін працэнт камусьці на падаткі. Мабыць, нехта ўзяў. Ён арыштаваны. Ён прызнаўся.
Бабіч і Ўцюрын штосьці такое казалі, што было пакладзена на стол Лукашэнку
Але на самой справе цалкам відавочна мне, чаму Пуцін прыняў рашэньне забраць амбасадара Бабіча. Андрэй Уцюрын быў візаві амбасадара Бабіча. Цалкам законна, будучы намесьнікам дзяржсакратара Рады бясьпекі ён меў сувязі з расейскім амбасадарам і, мабыць, штосьці такое казалі, што было пакладзена на стол кіраўніку Беларусі, якое ён і прад’явіў Пуціну. Мы разумеем, якія ў яго могуць быць сувязі, і ідуць розныя чуткі пра змовы супраць Лукашэнкі. Або да перахопу на выбарах паста, выбары ж прэзыдэнта хутка ў Беларусі.
Але ў любым выпадку зразумела, што такі дэманстратыўна арышт Уцюрына — гэта ў першую чаргу яго сувязі з РФ. Наогул ён родам зь Пензы, тут у нас усё сканчаў. Увогуле, яму, напэўна, фармальна гэтага прышываць ня будуць, таму што гэта ганьба, калі кіраўнік бясьпекі і ў Радзе бясьпекі чагосьці там рабіў і перадаваў нейкую інфармацыю. Ці абмяркоўвалі нейкія пляны стратэгічныя. І тактычныя.
Гэта дэманстрацыя перад Расеяй, што мы ўсе ведаем, мы вас слухаем
Але гэта дэманстрацыя, безумоўна, перад РФ, што мы ўсе ведаем, мы вас слухаем. І вось Бабіча вы забралі, а гэтага мы арыштавалі. Гэта гісторыя яшчэ дэманстратыўная. Як тут тлумачаць беларускія суразмоўцы, калі ўсіх браць за хабар, так ніхто і не застанецца.