Сьвята Перамогі ператвараецца ў інструмэнт палітычнага ўплыву Расеі

Акцыя «Несьмяротны полк» у Менску, 9 траўня 2019

Сьвята Перамогі 9 траўня зьяўляецца вельмі дакладнай ілюстрацыяй да тэзы, што гісторыя — гэта сучасная палітыка, павернутая назад.

Сьцісла

  • З другой паловы 1990-х гадоў сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Беларусі было самым пышным і пампэзным у сьвеце.
  • Цяпер Масква стала выкарыстоўваць культ Перамогі ў якасьці сымбалю імпэрскага рэваншу.
  • Беларускія ўлады робяць спробы дыстанцыявацца ад расейскай сымболікі.
  • Акцыя «Несьмяротны полк» стала мэханізмам мабілізацыі ўсіх прыхільнікаў «рускага сьвету», таму кіраўніцтва Беларусі імкнецца яе нэўтралізаваць.

Сьвята Перамогі як ідэалягічны канструкт дзеля легітымізацыі ўлады

З другой паловы 1990-х гадоў сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Беларусі было самым пышным і пампэзным у сьвеце. Бо Аляксандр Лукашэнка імкнуўся выкарыстаць гэты ідэалягічны канструкт дзеля легітымізацыі сваёй улады.

Цяперашні кіраўнік Беларусі прыйшоў да ўлады пад лёзунгам антырэформаў і вяртаньня да савецкай спадчыны. Ён вярнуў зьлёгку падпраўлены герб, сьцяг, гімн часоў БССР, сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Акрамя таго, пэўны час Лукашэнка рэалізоўваў вобраз галоўнага інтэгратара постсавецкай прасторы. Адзінай магчымай ідэалягічнай і сымбалічнай асновай для ажыцьцяўленьня гэтага праекту магла быць памяць пра СССР. А самай галоўнай падзеяй савецкай гісторыі, якая адназначна ўспрымалася народамі былога Савецкага Саюзу са знакам плюс, была перамога ў Вялікай айчыннай вайне. Менавіта апэляцыя да яе надавала палітычную сілу.

Лукашэнка з сынамі на афіцыйнай цырымоніі на Дзень перамогі ў Менску. ФОТА

Зьніжэньне статусу сьвята

Але час ішоў, ідэя інтэграцыі з Расеяй пасьля прыходу у РФ да ўлады Пуціна паблякла. Вэтэранаў вайны станавілася ўсё менш, зьявілася новае пакаленьне зь іншымі ўяўленьнямі пра мінулае, для якога савецкая спадчына мала што значыла. Культ Перамогі як чыньнік легітымнасьці ужо не даваў такога эфэкту.

Усё гэта знайшло сваё адлюстраваньне ў стаўленьні ўладаў да сьвяткаваньня Перамогі. Хоць гэтыя зьмены, магчыма, і не такія заўважныя для абывацеля. Прывяду толькі адзін прыклад. Кожны год напярэдадні 9 траўня ладзіцца ўрачысты сход, прысьвечаны Дню Перамогі. Доўгі час на ім зь вялікім патасам выступаў Аляксандр Лукашэнка. І вось прайшоў час, мерапрыемства захавалася, але галоўны дакладчык зьмяніўся. Некалькі гадоў на ўрачыстым сходзе выступаў прэм’ер міністар Беларусі. Але апошнімі гадамі статус гэтай акцыі яшчэ больш панізіўся. Цяпер на ім выступае міністар абароны Андрэй Раўкоў. Дробязь, але паказальная.

Культ Перамогі ў якасьці сымбалю імпэрскага рэваншу Расеі

Аднак пасьля таго, як Расея «ўзьнялася з кален», захапіла Крым і Данбас, Масква пачала выкарыстоўваць культ Перамогі ў якасьці сымбалю імпэрскага рэваншу. Была прыдуманая новая сымболіка гэтай новай палітыкі — георгіеўская стужка. На гэта варта зьвярнуць асаблівую ўвагу. Бо з 1945 году і да сярэдзіны 2000-х гадоў сымбалем Перамогі быў чырвоны сьцяг.

Апошнія 5-6 гадоў зьявіўся яшчэ адна сымболіка — «Несьмяротны полк». Яна хутка стала віруснай, распаўсюдзілася ў іншыя краіны і стала мэханізмам мабілізацыі ўсіх прыхільнікаў «рускага сьвету».

Калі недзе ў Варшаве ці Бэрліне акцыя «Несьмяротны полк» ніякай палітычнай небясьпекі не нясе, то ў суседніх постсавецкіх краінах зь вялікай колькасьцю расейскамоўнага насельніцтва ўлады адразу напружыліся. Нават найбліжэйшыя саюзьнікі Расеі — Беларусь, Казахстан — робяць спробы дыстанцыявацца ад гэтай сымболікі.

У Беларусі замест георгіеўскай стужкі была ўведзеная чырвона-зялёная стужка, замест акцыі «Несьмяротны полк» — «Беларусь памятае». Лукашэнка выкарыстоўвае ўсю сваю слоўную эквілібрыстыку, каб растлумачыць, чаму ўлады супраць расейскай сымболікі. Маўляў, гэта ж мы прыдумалі гэтую ідэю, несьці партрэты загінулых, толькі назвалі па-іншаму. Беларускія ўлады адмовіліся зарэгістраваць арганізацыю «Несьмяротны полк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З партрэтамі Леніна і Сталіна. У Менску прайшоў мітынг «Несьмяротны полк». ФОТА і ВІДЭА

Калізіі вакол акцыі «Несьмяротны полк»

Насьцярожанасьць беларускіх уладаў цалкам зразумелая. Паводле дасьледаваньняў незалежнай сацыялёгіі, прыкладна 65% беларусаў падтрымліваюць Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам.

Летась на яўна прарасейскае шэсьце «Несьмяротнага палка», праведзенага ў піку беларускім уладам, сабралася каля 1500 чалавек. Пад выглядам шанаваньня памяці Перамогі была дэманстрацыя палітычнай ляяльнасьці суседняй краіне. Маладзёны ішлі з майкамі «Армия России», «Донецкая Народная Республика», «Вежливые люди», з расейскімі гербам. Вось гэтае стыхійнае, да канца неўсьвядомленае адчуваньне ўдзельнікаў акцыі «Несьмяротны полк» часткай «рускага сьвету» можа і ёсьць самае небясьпечнае для беларускай незалежнасьці.

Гэтую кампанію адкрыта падтрымлівае Расея. Расейскае агенцтва «Спутник» адсочвае кожны крок беларускіх прыхільнікаў згаданай акцыі. Днямі прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ў Крамлі ўважліва сочаць за забаронай у шэрагу гарадоў Беларусі і Казахстану правядзеньня акцыі «Несьмяротны полк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што арганізатар менскага «Несьмяротнага палку» думае пра партрэты Сталіна на акцыі

Парадаксальным чынам атрымалася так, што тое сьвята, якое раней было мэханізмам легітымізацыі ўлады Лукашэнкі, паволі ператвараецца ў інструмэнт палітычнага ўплыву Расеі на постсавецкую прастору, найперш, на Беларусь. Тая старая ідэалягічная зброя раптам пачала страляць у адваротны бок.

Таму беларускія ўлады вядуць сябе вельмі асьцярожна, хоць трохі разгублена. У Віцебску акцыю «Несьмяротны полк» увогуле забаранілі, хоць яна і адбылася нелегальна. У Менску нібы і дазволілі, але выціснулі на ўзбочыну, да дому-музэю І зьезду РСДРП.

Калі вынесьці калізіі, зьвязаныя з «Несьмяротным палком», за дужкі, то ва ўсім астатнім афіцыйнае сьвяткаваньне прайшло традыцыйна. Хіба сёлетняй адметнасьцю было тое, што галоўнымі ўдзельнікамі сьвята, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, былі не вэтэраны, не іншыя дзяржаўныя асобы Беларусі, а сыны кіраўніка дзяржавы. Менавіта яны былі на пярэднім пляне усіх афіцыйных цырымоніяў. Выглядала гэта трохі дзіўна, асабліва на фоне таго, што пазьней Лукашэнка заявіў журналістам: «Нават калі мы заўтра пойдзем на пэнсію, мы можам сказаць сваім дзецям: бярыце, жывіце спакойна і мірна».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.