5 траўня на старонцы Мікалая Аўтуховіча ў фэйсбуку зьявіўся тэкст звароту да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім Аўтуховіч заклікае яго ў месячны тэрмін прызнаць свае памылкі і сысьці з пасады. На працягу 30 дзён з моманту публікацыі ўльтыматуму былы палітвязень абяцае не прадпрымаць ніякіх дадатковых дзеяньняў. 7 траўня на старонцы Аўтуховіча таксама зьявіўся зварот да супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, у якім ён заклікае іх падтрымаць сваю пазыцыю і не выконваць незаконных загадаў.
«Адсутнасьць законных мэханізмаў зьмены ўлады, згодна з волевыяўленьнем большасьці, што першапачаткова прадугледжвалася ў народнай Канстытуцыі і зьяўляецца неад’емнай часткай любой дэмакратычнай дзяржавы, змушае мяне і маіх паплечнікаў ісьці на надзвычайныя меры для аднаўленьня законнасьці і справядлівасьці грамадзтва, вяртаньне зваяваў правоў і свабод нашых грамадзян, — патлумачыў у размове са Свабодай Мікалай Аўтуховіч прычыны свайго звароту да Аляксандра Лукашэнкі. — Нашая кампанія не прадугледжана на вокамгненнае рашэньне гэтай праблемы. Патрэбная будзе вялікая праца, якая дасьць вынікі. Праз прамежак часу, які будзе залежаць ад многіх абставінаў і, самае галоўнае, ад жаданьня саміх беларусаў да зьменаў».
Па словах Мікалая Аўтуховіча, ён, разам з паплечнікамі, падрыхтаваў плян далейшых дзеяньняў. Праз 30 дзён пасьля звароту да Лукашэнкі ў выпадку адсутнасьці яго адстаўкі, Аўтуховіч плянуе зьвярнуцца да беларусаў сьвету.
«Усе прадумана, — кажа Мікалай Аўтуховіч. — Пасьля месяца ультыматуму будзе зварот да беларусаў усяго сьвету, адтуль будзе бачна пра нашыя пляны. Я ведаю, што ён нічога не адкажа. Галоўнае, папярэдзіць чалавека, каб не было такога, што ён нічога ня ведае, ці не чуў аб гэтым».
Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч у траўні 2010 году быў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня па артыкуле «Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 5 у Івацэвічах. У студзені 2012 году пераведзены ў турму Горадні. Выйшаў на волю 8 красавіка 2014 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі прыйду ў палітыку, вы пачуеце». Экс-палітвязьня Аўтуховіча памылкова «адправілі» ў эміграцыю
З красавіка 2018 году Мікалай Аўтуховіч абмежаваў свае кантакты, перастаў карыстацца паслугамі мабільных апэратараў і не раскрывае свайго месцазнаходжаньня. Па словах былога палітвязьня, гэта выклікана спробамі правакацый супраць яго з боку беларускіх уладаў.