Сьледчы камітэт Расеі ўвечары ў нядзелю паведаміў, што ў выніку катастрофы пасажырскага самалёта «Сухой Суперджэт» авіякампаніі «Аэрофлот» у маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева загінуў 41 чалавек, у тым ліку 1 член экіпажа. Усяго на борце было 78 чалавек — 73 пасажыры і 5 членаў экіпажа.
Раней Сьледчы камітэт паведаміў аб 13 загінулых у катастрофе, у тым ліку двух дзецях. У новым паведамленьні ўдакладненых колькасьць загінуўшых наўпрост не названая. Крыніца «Інтэрфакса» паведамляе, што ўсяго мог загінуць 41 чалавек.
Крыніцы інфармацыйных агенцтваў і іншыя СМІ называюць розныя лічбы пацярпелых. Вядома, што некалькі чалавек шпіталізаваныя, іншыя адмовіліся ад мэдычнай дапамогі.
Самалёт зрабіў аварыйную пасадку і загарэўся. Ён выконваў рэйс SU-1492 Масква — Мурманск і ўляцеў у 17:57 па маскоўскім часе. У 18:25 пілёты даклалі аб аварыйнай сытуацыі, праз пяць хвілін пасьля гэтага самалёт, які вярнуўся ў Шарамецьцева, зрабіў пасадку. Эвакуацыя пасажыраў была праведзена з дапамогай выратавальных трапаў. Прэс-сакратар «Аэрафлота» падкрэсьліў, што эвакуацыя была праведзена за 55 сэкунд, гэта хутчэй, чым трэба па нарматывам. Аднак, як паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцы, частка людзей у хваставым адсеку самалёта не пасьпела эвакуіравацца..
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У маскоўскім аэрапорце гарэў пасажырскі самалётПа адных паведамленьнях, адбыўся пажар на борце (крыніца ТАСС называе ў якасьці прычыны маланку), па іншых – пажар успыхнуў пры жорсткай аварыйнай пасадцы. Дакладныя прычыны ўзгараньня невядомыя. Распачатая крымінальная справа, створана камісія для расьсьледаваньня прычынаў катастрофы.
Телеграм-канал Baza апублікаваў відэа, на якім бачна, што падчас пасадкі лайнэр быў ахоплены агнём. У сацсетках зьявіліся фота і відэа відавочцаў, на якіх відаць, як пасажыры пакідаюць падпалены самалёт.
Пажар патушаны. Хваставая частка самалёта амаль цалкам згарэла. Паводле інфармацыі вытворцы, кампаніі «Сухой», лайнэр быў выпушчаны ў жніўні 2017 году і прайшоў тэхабслугоўваньне ў красавіку 2019 году.
«Сухой Суперджет» – першы пасажырскі самалёт, распрацаваны ў Расеі пасьля распаду СССР. Эксплёатуецца грамадзянскімі авіякампаніямі некалькіх краінаў (пераважна – Расеі) з 2011 году. Катастрофа SU-1492 – сёмы па ліку інцыдэнт з лайнэрамі гэтага тыпу. Раней аварыя SSJ-100, якая скончылася чалавечымі ахвярамі, адбылася ў Інданэзіі ў 2012 годзе, тады загінулі 45 чалавек.