Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менска Тацяна Матыль адмяніла рашэньне аддзела грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС аб дэпартацыі іранца Мэхрдата Джамшыдыяна.
Справа накіравана на новы разгляд у тую ж установу. Ці азначае рашэньне суду, што Мэхрдата Джамшыдыяна мусяць адразу вызваліць з ізалятару, дзе яго трымаюць ужо амаль 11 месяцаў?
«Не, гэта не так, бо справа накіраваная на новы разгляд у той жа аддзел грамадзянства і міграцыі Маскоўскай раённай міліцыі. Нам вельмі хацелася, каб справу Джамшыдыяна там увогуле закрылі ці вынесьлі пакараньне, не зьвязанае з дэпартацыяй. Гэта можа быць папярэджаньне ці хаця б штраф. Але пакуль гэтага не адбылося, таму перамога ёсьць, але частковая», — сказала Свабодзе адвакатка Натальля Мацкевіч пасьля суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтысячы чалавек падпісалі новую пэтыцыю за ратаваньне іранца, якога могуць выслаць зь Беларусі на сьмерцьКалі справа іранца Джамшыдыяна будзе зноў разгледжана ў Маскоўскім РУУС адвакат сказаць не бярэцца.
«Гэта можа быць вельмі хутка, таму і не прадбачу, што яго тэрмінова вызваляць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная Амністыя заступілася за іранца, якога хочуць дэпартаваць зь Беларусі«Надзея стала большай»
«Задаволеная, што суд не пацьвердзіў рашэньне міліцыі, але што будзе далей — гэтак і не ясна. Хаця надзея стала большай. Яшчэ шкадую, што гэтак яго сёньня і не ўбачыла. Ужо 11 месяцаў мы разлучаныя. Калі яго ўсё ж вызваляць, але не дадуць застацца ў Беларусі, я паеду за ім куды заўгодна. Гэта нават не абмяркоўваецца», — сказала Свабодзе жонка Мэхрдата Джамшыдыяна Алена.
Іран настойвае на выдачы Джамшыдыяна, якога падазраюць у датычнасьці да забойства. Таксама на радзіме Мэхрдату Джамшыдыяну пагражае суд за вераадступніцтва, што ў ісламскай рэспубліцы Іран караецца сьмерцю.
Мэхрдата Джамшыдыяна трымаюць у турме на Акрэсьціна ўжо 11 месяцаў. 4 траўня на апошняе паседжаньне па справе аб абскарджаньні пастановы аб дэпартацыі іранца ў суд таксама не прывезьлі.
У апошнім слове адвакатка Натальля Мацкевіч нагадала суду, што паводле беларускага закону недапушчальная выдача чалавека ў краіну, дзе яму пагражае сьмяротная кара.
Таксама, паводле адвакаткі, было парушана права Мэхрдата Джамшыдыяна на абарону: яму своечасова не паведамілі пра разгляд ягонай справы, што ёсьць падставай да адмены пакараньня ў выглядзе дэпартацыі.
Таксама Натальля Мацкевіч прасіла суд прызнаць незаконным тое, што Мехрдат Джамшыдыян быў пазбаўлены часовага пражываньня ў Беларусі.
Мэхрдат Джамшыдыян жыве ў Беларусі з 1993 года. Тут ажаніўся, мае трох ужо дарослых дзяцей, прыняў праваслаўе.
У 2012 годзе ў Іране былі забітыя ягоныя маці і брат, у чым праваахоўнікі Ірана пачалі падазраваць Мэхрдата Джамшыдыяна. Між тым Мэхрдат Джамшыдыян адмаўляе датычнасьць ад злачынства. Іранец кажа, што ў той час знаходзіўся ў Беларусі і пацьвярджае гэта ўязнымі дакумэнтамі.
7 сакавіка 2019 года аддзел грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС усё ж прыняў рашэньне аб выдачы Мэрхдата Дажамшыдыяна ў Іран. Цяпер рашэньне адмененае судом.
Сёньня праваабарончая арганізацыя «Human constanta» перадала ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі пэтыцыю за адмену дэпартацыі Мэхрдата Джамшыдыяна, якую падпісалі 1276 чалавек.