Паўночная Карэя зрабіла выпрабаваньне тактычнай ракеты Падрабязнасьці пакуль не паведамляюцца. Працягваецца аналіз дадзеных выведкі.
У сярэдзіне красавіка лідэр КНДР Кім Чэн Ын прысутнічаў на выпрабаваньні новага тыпу «кіраванай ракеты тактычнага прызначэньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя заявіла пра выпрабаваньне новай зброіПаводле амэрыканскіх экспэртаў, гэтыя выпрабаваньні выкарыстоўваюцца Пхеньянам для ціску на Вашынгтон на фоне безвыніковых перамоваў аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.
Другі амэрыкана-паўночнакарэйскі саміт, які адбыўся ў лютым, не прынёс вынікаў, паколькі Кім не пагадзіўся цалкам згарнуць свае ракетна-ядзерныя праекты ў абмен на паслабленьне санкцый.
Паводле паўночнакарэйскіх СМІ, насельніцтва краіны «гатова жыць на вадзе і паветры», але не саступіць замежнаму націску. Пхеньян дае Вашынгтону час да канца года «праявіць гнуткасьць», у адваротным выпадку ён знойдзе «іншыя шляхі» забясьпечыць сваю бясьпеку.
Аналітыкі лічаць, што гаворка можа ісьці аб аднаўленьні выпрабаваньняў забароненых узбраеньняў.
З лістапада 2017 года Пхеньян выконвае мараторый на выпрабаваньні ядзерных зарадаў і пускі міжкантынэнтальных балістычных ракет.
Цяперашні тэст не парушае мараторыя, але, на думку The New York Times, кідае цень на сьцьвярджэньні Дональда Трампа аб тым, што дзякуючы яму адносіны з Паўночнай Карэяй фундамэнтальна зьмяніліся да лепшага.