«ЖЭС-арт». Беларус зьняў фільм пра стэрыльныя вуліцы і замаляваныя графіці

Максім Швед

Чысьціня беларускіх гарадоў стала і нацыянальным брэндам, і жартам. На цэнтральных вуліцах складана знайсьці лісьце ці недакурак, а на сьценах будынкаў — графіці. Максім Швед настолькі захапіўся квадрацікамі замаляваных камунальнымі службамі графіці, што нават зьняў пра гэта дакумэнтальны фільм «Чыстае мастацтва», які ўлетку прэзэнтуюць на Кракаўскім кінафэстывалі.

«Палякі мала ведаюць пра Беларусь»

Максім Швед вучыўся ў БДУ на юрыста-палітоляга, але па спэцыяльнасьці ніколі не працаваў. Пасьпяхова займаўся бізнэсам, але вырашыў пераключыцца на кінэматограф.

«Я зразумеў, што далей проста зарабляць грошы мне нецікава. Пайшла рутына і аднолькавы маршрут. Захацелася пайсьці ў іншы бок», — кажа ён.

Праз фатаграфію, якой Максім займаецца больш за 10 гадоў, ён захапіўся дакумэнтальным кіно. У 2013-м ён пачаў вучыцца дакумэнталістыцы, а ў 2015 годзе паступіў у кінашколу Анджэя Вайды ў Варшаве. Адпаведна з вучэбным плянам студэнты паўгода робяць кароткамэтражны фільм на прапанаваную тэму, а яшчэ паўгода разьвіваюць уласны праект.

Максім Швед і польскі рэжысэр Анджэй Вайда

«Паступаў я з адной ідэяй, але ў працэсе страціў да яе інтарэс. Распавёў аднагрупнікам і выкладчыкам пра ЖЭС-арт, якім даўно захапляюся, і яны зацікавіліся».

Праект пра ЖЭС-арт спадабаўся ня толькі аднагрупнікам, але і Польскаму інстытуту кіно, які часткова прафінансаваў «Чыстае мастацтва».

«Хоць мы суседзі, але ў Польшчы мала ведаюць пра Беларусь. Ім было цікава даведацца пра нашу краіну ў фармаце дакумэнтальнага кіно», — кажа Максім Швед.

ЖЭС-арт — прадукт чысьціні і парадку

ЖЭС-артам, альбо камунальным мастацтвам, жартаўліва называюць творчасьць камунальных службаў: лебедзяў з шын, пальмы з плястыку, фарбаваныя камяні і квадраты замаляваных графіці.

Зафарбаваныя графіці на вуліцах Менску

Ёсьць у гэтай зьявы і больш сур’ёзнае вымярэньне. Супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музэю Вольга Архіпава яшчэ ў 2011 годзе ўвяла ў навуковы ўжытак тэрмін «фундамэнтальны супрэматызм» — фупрэматызм.

«Тое, што робяць нашыя камунальнікі, у некаторай ступені падобна да твораў Малевіча — вынаходніка супрэматызму, — усьміхаецца Максім Швед. — Малевіч марыў, што любы чалавек можа стаць мастаком, а горад будуць упрыгожваць супрэматычныя кампазыцыі».

Максім ужо каля пяці гадоў зьбірае фатаздымкі графіці, якія беларускія камунальныя службы ўпарта замалёўваюць. Свае здабыткі ён выкладвае ў Facebook-суполку.

Ягоная ініцыятыва не адзіная ў Беларусі. ЖЭС-арт друкуецца ў мастацкіх часопісах, праходзяць прысьвечаныя яму выставы. У пачатку 2000-х Алег Юшко зрабіў праект Implication, які паказвалі ў Нью-Ёрку, Сяргей Гудзілін прысьвяціў гэтай зьяве фотапраект No words.

Швед хацеў паказаць Беларусь, але абысьціся без клішэ «апошняя дыктатура Эўропы». Ягоны фільм прапануе гледачам дасьледаваць распаўсюджаны ў Беларусі арт-фэномэн, які выразна кажа пра мэнтальнасьць беларусаў.

«ЖЭС-арт — прадукт чысьціні і парадку, жаданьня стэрылізаваць і цэнзураваць незнаёмае і адметнае. Гэта ідэалягічныя ўстаноўкі накшталт „вы ж самі ўсё разумееце“, якія праяўляюцца ў выглядзе квадратаў на сьценах нашых гарадоў», — сьцьвярджае рэжысэр.

Пра што фільм

Цэнтральная фігура фільму — мастак-абстракцыяніст Захар Кудзін. Для яго ЖЭС-арт — аб’ект натхненьня. Сюжэт фільму гуртуецца вакол размоваў мінакоў, якія назіраюць за мастаком на пленэры і спрабуюць зразумець: навошта ён малюе геамэтрычныя фігуры?

Захар Кудзін, мастак і галоўны герой фільму

Апроч мастака, у фільме «Чыстае мастацтва» ёсьць супрацоўніцы камунальных службаў Зіна і Іна. Яны працуюць маляркамі і штодзённа замалёўваюць сьцены гораду.

«Усе героі завязаныя паміж сабой у клубок узаемадзеяньняў, які разблытваецца на працягу фільму і мае даволі непрадказальны фінал. Спадзяюся, мне ўдалося ня толькі распавесьці пра мастацкую зьяву, але і перадаць атмасфэру сучаснага Менску», — кажа рэжысэр.

Здымкі фільму ў Менску

Распрацоўка фільму расьцягнулася на чатыры гады. Непасрэдна здымкі занялі 25 дзён зь ліпеня па кастрычнік 2017 году. Пераклад на польскую мову і мантаж цягнуліся ўвесь 2018 год. Шмат часу заняла камунікацыя ў праекце і вандроўкі. Толькі ў Польшчу Максім езьдзіў больш за 15 разоў.

Частка каманды, якая працавала над фільмам

Паводле Максіма Шведа, польскую частку каманды ўвесь час нешта ўражвала ў Беларусі. Падчас чарговых здымак на вуліцы да рэжысэра і апэратара падышоў міліцыянт. Яны распавялі, што здымаюць фільм пра чысьціню ў горадзе — і ў таго адпалі ўсе пытаньні.

«Польскі апэратар быў шакаваны. Ён сказаў, што здымаць фільм пра чысьціню — гэта абсурд, нібыта здымаць фільм пра паветра. Але ў Беларусі чысьціня — зразумелы канцэпт, і фільмы пра яе лішніх пытаньняў не выклікаюць», — сьмяецца Максім.

Праца над мантажом «Чыстага мастацтва»

«Кракаўскі кінафэстываль — гэта зьдзейсьненая мара»

Польскія прадусары «Чыстага мастацтва» адправілі стужку на Кракаўскі фэстываль, які стартуе 26 траўня. Фільм спадабаўся журы і трапіў у конкурсную праграму.

«Кракаўскі кінафэстываль — адзін з найстарэйшых у Эўропе, адзін з найбольш прэстыжных у Польшчы. Трапіць туды з дэбютам, разам з мастадонтамі эўрапейскага кіно — вельмі пачэсна. Можна сказаць, мара ажыцьцявілася», — прызнаецца Максім Швед.

Кадар зь фільму

Але, нягледзячы на гэты посьпех, Максім ня ўпэўнены, што будзе далей працаваць як дакумэнталіст.

«Каб увасобіць сваё бачаньне, трэба самому гарэць, запальваць іншых і рабіць гэта ўвесь час. Гэта вымагае шмат энэргіі. Цяпер у маім жыцьці няма той жарсьці, каб рухацца ў гэтым напрамку далей. Я ня той чалавек, які трымаецца за нейкую адну магчымасьць. Мне цікава дасьледаваць гэты сьвет. А кіно — толькі адзін са шляхоў яго пазнаньня».

Кадар зь фільму

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сыліконавыя лялькі замяняюць жонак і мужоў. Рэжысэрка зь беларускімі каранямі зьняла пра гэта фільм

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска пераехала ў Нью-Ёрк і за свае грошы зьняла фільм пра «Матчын рух 328»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з нуля зрабіць карʼеру ў Канадзе. Досьвед беларуса, які зьехаў у 33 гады