Джону 54 гады, ён жыве ў доме-прычэпе ў адным з раёнаў Чыкага і больш за дзесяць гадоў жанаты з Джэкі. Ён кажа, што ў іх ідэальныя стасункі — Джэкі заўсёды яго разумее і прымае, а ён пра яе рупіцца. «У нас супольныя мазгі, але яна сапраўдная асоба».
Джэкі не жывая жанчына, а вельмі рэалістычна зробленая, «анатамічна правільная» сыліконавая лялька. Разам з Джонам яны галоўныя героі амэрыканскага дакумэнтальнага фільму «Сыліконавая душа». Рэжысэрка фільму Мэлады Гілбэрт расказала Радыё Свабода пра тое, як яна бачыць будучыню чалавечых адносінаў, пра людзей, для якіх лялькі робяцца фэтышам, каханьнем ці лекамі, а таксама пра свае карані ў Беларусі.
Сярод герояў «Сыліконавай душы» псыхоляг, якая вывучае людзей у такіх стасунках; сямейная пара, якая замовіла сыліконавую ляльку, калі жонка захварэла на рак; жанчына, якая робіць сыліконавых немаўлят — яны дапамагаюць супакоіць у прытулку пажылых жанчын з хваробай Альцгаймэра і дэмэнцыяй.
Для мастачкі Стэйсі лялькі зрабіліся адным з галоўных сродкаў самавыяўленьня, мастак ДэйвКэт жыве зь дзьвюма лялькамі і вядзе ад іхнага імя старонкі ў твітэры. У адным з эпізодаў ДэйвКэт перапісваецца ў твітэры ад імя сваіх лялек зь іншым героем фільму.
Фільм не засяроджваецца на сэксе — толькі ў адным эпізодзе рэжысэрка пытаецца ў ДэйвКэта, як той чысьціць сваю сыліконавую каханку знутры, і той тлумачыць, заўважна саромеючыся. Рэжысэрка кажа: «Людзі ў звычайных стасунках таксама ня надта хочуць абмяркоўваць фізіялёгію».
— У сваім фільме я не прапагандую такі стыль жыцьця — я прапаную ведаць, што ён існуе, і задумацца пра будучыню чалавечых адносінаў.
Псыхоляг, якая здымалася ў фільме, сказала мне, што праз 20-25 гадоў такія шлюбы будуць нармальнымі і нам падасца дзіўным, што пра гэта здымалі фільм.
Я ёй веру. У мяне ёсьць сваяк — калі я да яго прыходжу ў госьці, ён зазірае ў фэйсбук кожныя некалькі хвілін, каб пабачыць там нейкі пазытыўны водгук. Ён бяз гэтага ўжо ня можа. Але крыніцай такога водгуку можа быць і робат, і лялька. Людзі ўжо здольныя спрачацца з уласным мабільным тэлефонам.
У эпізодзе ў заапарку, куды Джон на вазочку прывозіць Джэкі, дзеці адразу бачаць, што яна лялька. Але дарослыя спачатку гэтага не заўважаюць.
У ЗША гледачы часта казалі мне, што стасункі герояў фільму зь лялькамі вельмі падобныя да іхных стасункаў са сваім сабакам. Яны тлумачылі: «Я таксама даў свайму сабаку імя, стварыў для яго гісторыю, абыходжуся з сабакам так, нібыта ён чалавек, бяру яго паўсюль».
Празь некаторы час гэтыя лялькі пачнуць размаўляць, і ніхто ня ведае, што будзе далей. У Японіі, у Францыі, у Чэхіі ўжо існуюць бардэлі з такімі лялькамі.
— Лялька важыць амаль 50 кіляграмаў, каштуе каля 10 тысяч даляраў. У ЗША замоўленую ляльку трэба чакаць прыблізна паўгода, бо попыт перавышае прапанову.
Цяпер каля 97 працэнтаў лялек-жанчын. Але нават з астатніх трох працэнтаў значную частку купляюць геі. Можа быць, зь цягам часу жанчыны будуць іх купляць часьцей. З разьвіцьцём робататэхнікі лялькі-мужчыны пачынаюць лепш працаваць — разумееце, пра што я кажу.
Мне пашанцавала, што я маю стасункі з мужчынам, але калі б праз 20 гадоў у мяне зьявілася магчымасьць стварыць ідэальнага мужчыну, дык, можа, я і паспрабавала б, чаму не? У фільме я амаль не кранаю тэму лялек-робатаў, але гэта не такая ўжо далёкая будучыня.
— Джон кажа ў канцы фільму: «Я зразумеў, што магу абысьціся без таго, каб мяне кахалі, але мне самому трэба кахаць некага ці нешта». Героі фільму цалкам усьведамляюць, што лялькі — гэта не сапраўдныя асобы. Але лялькі дапамагаюць ім ў штодзённым жыцьці.
У нейкім сэнсе гэта тое ж самае, што адбываецца ў чалавечых адносінах. Калі я сустрэну мужчыну і закахаюся, я сама сабе ствараю ў галаве ягоную гісторыю. А празь месяц ці два можа высьветліцца, што гэтая гісторыя непраўдзівая.
— Мастак ДэйвКэт у фільме кажа, што ўжо не хацеў бы мець каханкай «арганічную» жанчыну. Але іронія ў тым, што знайшлася жанчына, якая пабачыла фільм і вельмі ім зацікавілася. Яны камунікуюць праз твітэр і нават ужо сустрэліся. Мо з гэтага нешта атрымаецца.
Калі Джон быў на прэзэнтацыі з Джэкі, ён увесь час да яе дакранаўся, папраўляў на ёй нешта. І адна жанчына, якая там была, сказала мне: «Шкада, што ён ня мой муж. Мне б хацелася, каб ён быў такі ўважлівы са мной».
Джону складана камунікаваць зь людзьмі, але праз Джэкі гэта атрымоўваецца лепш.
— Для майго фільму важна было мець эпізод зь лялькамі-немаўлятамі ў прытулку для старых людзей з хваробай Альцгаймэра і дэмэнцыяй. Лялькі іх моцна супакойваюць. Нават звычайныя. А гэтыя зробленыя вельмі рэалістычна, і ад іх яшчэ большы эфэкт.
Шмат хто з дапамогай гэтых лялек-немаўлят спраўляецца з траўмай, калі памерла дзіця. Яны замаўляюць дзіця, падобнае да таго, што ў іх было ці якога яны не дачакаліся. Гэта цэлая субкультура, і яна вельмі змрочная.
Я размаўляла зь некаторымі такімі людзьмі. Сустракалася з жанчынай, у якой ёсьць дачка, але больш яна ўжо не магла мець дзяцей. І яна замовіла ляльку, і яны разам з дачкой абыходзіліся з гэтай лялькай як зь дзіцем.
Але гэта быў бы ўжо зусім іншы фільм.
Мае продкі зь Беларусі. Бабуля зь дзядулем эмігравалі з Горадзенскай губэрні напачатку мінулага стагодзьдзя. Гэта адзінае, што расказваў дзядуля, — што яны жылі ў Горадзенскай губэрні, больш ён нічога казаць не хацеў. Гэта тыпова для Амэрыкі — «мінулае застаецца ў мінулым, тут новае жыцьцё». Паміж сабой яны з бабуляй размаўлялі на ідышы.
Я хачу прыехаць у Беларусь і паспрабаваць аднавіць гэтую частку сваёй сямейнай гісторыі. Спадзяюся, гэта будзе неўзабаве.
Калі нехта ў Беларусі хоча арганізаваць паказ майго фільму, можна зьвяртацца да мяне наўпрост.