У Казахстане зьнялі з выбараў прафэсара за няведаньне казахскай мовы

Жуматай Аліеў

Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану зьняла з выбараў прэзыдэнта былога члена парлямэнту Жуматая Аліева за няведаньне казахскай мовы, паведамляецца на афіцыйным сайце камісіі.

У зьнятага кандыдата ёсьць званьне прафэсара, ён працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану і абараніў доктарскую дысэртацыю па філязофіі.

Кандыдат 19 разоў памыліўся ў пісьмовай працы па тэме «Дзяржава і рэлігія», — цытуе выданьне «Улада» члена ЦВК Адыля Ахметава. Паводле яго, у сачыненьні былі дапушчаныя «вельмі грубыя» памылкі ў пунктуацыі і стылістыцы. У 2013 годзе Аліеў прапаноўваў выкладаць у школах атэізм, — цытавала яго выданьне Tengrinews.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Другі прэзыдэнт з другім падбародзьдзем». Як «фаташопяць» новага кіраўніка Казахстану

Акрамя пісьмовай работы, Аліеў чытаў урывак з рамана Мухтара Аўэзава «Шлях Абая» пра нацыянальнага паэта Абая Кунанбаева і рыхтаваў даклад з назвай «Першая ўмова дастатку — згода» (казахская прымаўка — РС).

  • Пазачарговыя выбары прэзыдэнта Казахстану заплянаваны на 9 чэрвеня. 19 сакавіка першы прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў абвясьціў аб сваім сыходзе з пасады прэзыдэнта. Яго паўнамоцтвы перайшлі да старшыні верхняй палаты парлямэнту Касым-Жомара Такаева, ён гэтак жа ўдзельнічае ў прэзыдэнцкіх выбарах.
  • З пачатку красавіка ў Казахстане праходзяць пратэсты супраць датэрміновых выбараў прэзыдэнта. Удзельнікі акцый лічаць, што на іх будзе адсутнічаць рэальная палітычная канкурэнцыя.