Міністар сувязі Беларусі Канстанцін Шульган адказаў на пытаньні, ці сапраўды арыштаваны гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў і як паўплывае на Беларусь расейскі закон аб ізаляцыі інтэрнэту.
На пытаньне карэспандэнта Свабоды аб зьвестках пра затрыманьне Сяргея Сівадзедава, якое нібыта адбылося каля тыдня таму ў сувязі з карупцыйнай справай, Шульган адказаў:
«Афіцыйнай інфармацыі няма, таму нічога не магу камэнтаваць. А паказчыкі Белтэлекаму кажуць самі пра сябе, прадпрыемства працуе пасьпяхова».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гендырэктар «Белтэлекаму» затрыманы? Кажуць, «на бальнічным»Міністар Шульган не адказаў на пытаньне, ці прыходзіць апошнімі днямі Сівадзедаў на працу.
Пра ізаляцыю Рунэту. Ці ня пойдзе Беларусь па шляху Расеі?
Канстанцін Шульган гэтак пракамэнтаваў падпісаньне прэзыдэнтам РФ Пуціным закону аб ізаляцыі Рунэту:
«Вырываць кавалкі з інтэрнэту — не зусім правільна. Нехта страхуецца ў пляне бясьпекі, гэта можна зразумець, і мы таксама думаем пра бясьпеку. Але ісьці па шляху Расеі? Такіх плянаў у нас няма», — сказаў міністар сувязі і інфармацыі.
Паводле Канстанціна Шульгана, ізаляцыя Рунэту не адаб’ецца нэгатыўна на беларускім інтэрнэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ізаляцыі расейскага інтэрнэтуЦі адменяць роўмінг паміж Расеяй і Беларусьсю?
Канстанцін Шульган за тое, каб адмова ад роўмінгу з Расеяй адбывалася паэтапна. Па прынцыпе: «зьнізілі цэны, паглядзелі на вынік, зноў зьнізілі». Але шлях гэты доўгі, і міністар ня можа сказаць, колькі часу ён запатрабуе.
«Пытаньне абмяркоўваем, кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу прапрацаваць варыянты. Але не зусім магчыма гэта хутка вырашыць, бо ў роўмінг уцягнутыя і апэратары. Трэба з найменшымі стратамі гэта вырашыць. У Эўразьвязе вырашалі больш за 7 гадоў».
Паводле Канстанціна Шульгана, неўзабаве ў Расею будуць накіраваныя прапановы Беларусі наконт новых коштаў роўмінгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакера, якога шукалі па ўсім сьвеце, затрымалі ў БеларусіКалі ў Беларусі запусьцяць 5G?
«А ў вас ёсьць з чым туды зайсьці, калі мы заўтра яго запусьцім? Пакуль на руках у людзей няма шмат такіх тэлефонаў, якія могуць спажываць 5G», — сказаў міністар.
Канстанцін Шульган заўважыў, што ў Беларусі яшчэ не гатовая заканадаўчая база, якая будзе рэглямэнтаваць гэтую тэхналёгію сувязі.
«Ужо дзейнічае працоўная група, якая рыхтуе прапановы па праблемных пытаньнях. Да верасьня група павінна даць першыя вынікі».
Канстанціна Шульган сказаў, што самае вялікае выкарыстаньне сувязі 5G чакаецца ў інтэрнэт-прыладах і інтэрнэт-рэчах.
Ён таксама паведаміў, што сёньня стацыянарным інтэрнэтам карыстаецца 3,2 мільёна чалавек, а мабільным больш за 6,2 мільёна.
Абанэнтаў сотавай сувязі — 11,5 мільёна, зь іх каля 3 мільёнаў карыстаюцца сувязьзю 4G, якая даступная 76% насельніцтва. Пры гэтым сувязь 4G ёсьць толькі на 5% тэрыторыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаўся інтэрнэт у Беларусі — і што зь ім стала. 15 важных датаў