Толькі ўявіце сабе, якой моцнай і дужай, і бадзёрай магла б быць беларуская літаратура, калі б нашыя клясыкі маглі скарыстацца мэдычнай дыягностыкай і лекамі XXI стагодзьдзя…
Адам Гурыновіч памёр ад чорнай воспы ў 25 гадоў, Цётка — ад тыфусу ў 39 гадоў, Максім Багдановіч — ад сухотаў у 25 гадоў. Гэты сьпіс можна працягваць вельмі доўга.
З гісторыі нацыянальнай літаратуры можна скласьці яшчэ адзін умоўны сьпіс — туды ўваходзяць творцы, якія да старасьці мужна змагаліся з рознымі хваробамі, у тым ліку інфэкцыйнымі. Шмат высілкаў і энэргіі на гэтую барацьбу выдаткоўваў і Янка Купала.
Чатыры сьмерці разам
Што такое раптоўная сьмерць ад хваробы, Купала зьведаў юнаком. Вясною 1901 году памёр бацька паэта, восеньню таго ж году — ягоны адзіны брат, а праз тыдзень яшчэ і дзьве сястры, самыя маленькія. Бедныя дзеці не змаглі адолець шкарлятыну.
Януку тады было 19 гадоў — ён быў найстарэйшы зь сямі дзяцей Дaмiнiка Анyфpыeвiча i Бянiгны Івaнaўны. Патэнцыйна хвароба яму не пагражала (мэдыкі сьцьвярджаюць, што 90% людзей, якія хварэюць шкарлятынай, — гэта дзеці ва ўзросьце ад аднаго да 16 гадоў), але ўсё-ткі гэта досыць небясьпечная інфэкцыя. Асабліва калі ўлічыць адсутнасьць у вёсцы належнай мэдычнай дапамогі, наагул неспрыяльныя варункі жыцьця. Нішчымніца перасьледавала сям’ю Купалы, праз што бацька паэта, дробны шляхціц, вымушаны быў «вандраваць» па Меншчыне ў пошуках лягчэйшых умоваў арэнды.
Сьмерць родных пакінула глыбокі сьлед у душы Купалы. Ці не таму ў ягоных вершах, пачынаючы з першага зборніка «Жалейка» (1908), будуць так часта выкарыстоўвацца вобразы могілак, крыжоў, хаўтураў?
Да таго ж, калі прыгаломшаны бядою юнак ладзіў пахаваньне сваіх сясьцёр, адбыўся вельмі непрыемны выпадак: ксёндз запатрабаваў грошай у падвоеным памеры.
«Я запротестовал, потому что его [ксендза] труд был ни больше, ни меньше, чем при похоронах одного брата, — згадвае Купала той чорны дзень у лісьце да Льва Клейнбарта ад 23.11.1927 г. — На это ксендз ответил, что там он брал плату за одну голову, а тут за две головы. После этого, хотя я до названного случая не был очень верующим, но этот торг „духовника“ выбил из меня все остатки веры».
Безумоўна, гэта агіднае здарэньне, нехрысьціянскі ўчынак сьвятара паўплывалі і на мастацкі стыль, сьветаўспрыманьне Купалы-паэта.
Вясна і лета як хвароба
«Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму», — чытаем у Купалавым вершы «Вёска».
Самога Купалу хваробы непакоілі і ўлетку — ужо ў сталым узросьце. «Здароўе маё не ажэбы, пакашліваю трохі, — піша з вёскі 30-гадовы Купала Браніславу Эпімах-Шыпілу. — Сягоньня еду ў Мінск і думаю пабываць у доктара, а то ўжо пачынаю баяцца, каб не пайсьці да Абрагама на піва». Гэты ліст датаваны 2 чэрвеня 1913 году; за вокнамі хаты — гнілое беларускае лета: Купала адзначае, што цяпер холадна і ліюць дажджы.
Пра стан свайго здароўя Купала піша рэгулярна самым розным людзям (пераважна мужчынам), але без сьлязьлівага жалю да сябе. Мяркуючы па эпісталярнай спадчыне паэта, найбольш часта ён хварэў усё ж напачатку году, а таксама вясною.
Так, 16 сакавіка 1913 году Купала парыўся ў лазьні і застудзіўся, пасьля чаго два тыдні моцна хварэў — «еле ноги влачу и ни о чем думать не в состоянии» (ліст да Апалона Карынфскага ад 16.03.1914 г.). Нядаўнюю (неназваную) хваробу, якая замінала яму працаваць і своечасова адказваць на карэспандэнцыю, згадвае ён і ў лісьце Яўгену Мазалькову ад 09.03.1937 г. А напрыканцы красавіка — напачатку траўня 1942 года Купала перахварэў грыпам і «нейкім мабыць раматусам: балелі ўсе косьці» (ліст да Кузьмы Чорнага і Паўла Кавалёва ад 09.05.1942 г.).
«Уваскрэсеньне» паэта
Самым страшным для паэта быў пачатак 1920 году. 9 студзеня ён захварэў на пэрытаніт (гнойнае запаленьне сьляпой кішкі). Доктар Малькевіч аказаў паэту першую дапамогу, а ягоныя сябры, у тым ліку Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч, на насілках (!) занесьлі яго з кватэры ў бальніцу. Там 37-гадовы Купала правёў ажно тры месяцы, змагаючыся са сьмерцю.
У лісьце ў рэдакцыю газэты «Беларусь» ад 20.03.1920 г. ён зь цеплынёю згадае ўсіх, хто яму дапамог тады, найперш дактароў: «Першым чынам нізкі паклон і дзякуй ад сэрца шлю д-ру Казубоўскаму і д-ру Маліноўскаму: першаму — за апэрацыю, дзякуючы якой я амаль не з таго сьвету ўскрос (тут і далей выдзелена мною — П.А.), а другому за шчыра-бацькоўскі даглёд і перавязкі, якімі стараўся аблягчыць мае цяжкія мучэньні».
З бальнічных сясьцёр Купала асабліва вылучыў Галіну Суднік, якая даглядала яго, па словах паэта, нібыта родная сястра. Дарэчы, пазьней у лістах з розных санаторыяў Купала будзе заўсёды з асаблівай пяшчотай згадваць менавіта малодшы мэдычны пэрсанал. Напрыклад, у лісьце да Васіля Цярэнцьева ад 02.02.1938 г. ён просіць перадаць прывітаньне «сестричкам 7-го источника Кисловодска».
Купалу выпісалі з бальніцы 20 сакавіка, у суботу. Па ягоных словах, ён выйшаў адтуль «з пакрыўленай губай і з надломаным зусім здароўем. Папраўдзе пабываў на тым сьвеце» (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 20.09.1922 г.). Ачуняць ад хваробы Купалу, мяркуючы па ягоным ліставаньні, дапамаглі ня толькі мэдыкі, але і апека ксяндза Абрантовіча — рэктара былой Менскай духоўнай сэмінарыі, за што паэт выказаў яму падзяку.
Перафразуючы вядомую прымаўку, можна сказаць — «ксёндз ксяндзу ня роўны». Купала гэта разумее, болей за тое, у сваім лісьце, як бачым, ужывае слова «ўскрос». Гэта сапраўды важкае, значнае слова. Відавочна, пасьля апэрацыі Купала шмат думаў аб жыцьці і сьмерці, вечным існаваньні і хуткабежным чалавечым лёсе.
Радасьць — галоўнае
Напачатку красавіка 1920 году вернікі адзначалі Вялікдзень (католікі — 4 красавіка, праваслаўныя — 11). Напярэдадні сьвята Купала напісаў для газэты «Беларусь» пранікнёны верш «Усяночная», у якім ёсьць такія словы: «У гэту ночаньку // Велікодную // Зь мёртвых Богавы // Сын васкрэсіцца». Пасьля страшнага 1901 году Купала-паэт — ня вернік, але заўважце, усё-ткі ён верыць, нягледзячы на ўсе жыцьцёвыя страты, пакуты і выпрабаваньні.
Слабы перад інфэкцыямі арганізм і працяглыя хваробы не даюць Купалу цешыцца жыцьцём. «Адным словам, жылося апошнія гады і жывецца не вельмі радасна», — піша ён у лісьце да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 20.09.1922 г. Кепскае здароўе, бясконцыя хваробы таксама замінаюць ягонай літаратурнай працы — чарговы зборнік, «Спадчына», зьявіцца толькі праз два гады пасьля таго, як ён ледзь-ледзь адужаў пэрытаніт.
Дарэчы, пэрытаніт — цяжкая хвароба з ускладненьнямі. 37-гадовы Купала адчувае, што ягонаму здароўю нанесена непапраўная шкода — паэт як у ваду глядзеў. Імунітэт Купалы пасьля 1920 году моцна саслабеў. У наступным, 1921-м (і ізноў напачатку года!), паэт перахварэў на плеўрыт, у 1922-м — «на нейкую жаўтуху» (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 20.09.1922 г.). Яшчэ праз некаторы час у Купалы пачнуцца праблемы з ныркамі, сэрцам (ліст да Льва Клейнбарта ад 21.07.1929 г.) і пазваночнікам (ліст да Яўгена Мазалькова ад 01.02.1938 г.).
Жыцьцё на нэрвах
Юнацтва Купалы было безграшовым, бедным. Мала што зьмянілася, калі яму споўнілася 30 гадоў — і гэта нават, калі ня ўлічваць цяжкія абставіны Першай сусьветнай вайны і рэвалюцыі 1917 году. Празь невялікую зарплату і затрымкі з выплатай ганарараў, Купала вымушаны быў доўгі час пазычаць грошы і нават насіць асабістыя рэчы ў лямбард.
«Я страшэнна находжуся ў крытычным палажэньні, так што хоць вешайся, — піша ён (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 28.09.1914 г.). — Атрымліваю тут толькі 30 рублёў, і гэтых мо і хапіла б, каб ня іншыя надзвычайныя расходы. <…> Са стараны я нідзе не магу зарабіць, нават выехаць дамоў не магу, бо сам адзін рэдагую цяпер „Нашу Ніву“. <…> Яшчэ і цяпер у мяне не топіцца ў печы і прыходзіцца калець і хварэць, бо няма за што купіць дроў».
Акром асабістага здароўя, паэту трэба было думаць пра сваю жонку, Уладзіславу Станкевіч, якая «трохі на нэрвы хварэе» (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 26.09.1916 г.).
Толькі значна пазьней, дзесьці праз 15 гадоў (фактычна напрыканцы жыцьця), у Купалы нарэшце зьявяцца грошы, прычым вялікія. Так, за зборнік «Ад сэрца» (1940) ён атрымае Сталінскую прэмію першай ступені памерам у 100 тысяч рублёў.
У пошуках сонца
Нарэшце паэт можа паклапаціцца пра ўласнае здароўе. «Еду на юг Крыма, погреться», — такія словы ўсё часьцей сустракаюцца ў ягоных лістах (ліст да Льва Клейнбарта ад 21.07.1929 г.). Іншым разам здаецца, што Купала больш заклапочаны пуцёўкамі, чым вершамі — цяпер у яго іншыя прыярытэты. Узрушаны гарачым сонцам, спакойнымі ўмовамі вольнага жыцьця сярод гор і кіпарысаў, нарзанавымі ваннамі, Купала раіць свайму сябру, перакладчыку Сяргею Гарадзецкаму… далучыцца да яго на поўдні: «… выколачивай 500 руб. на путевые расходы и папиросы и приезжай. Ведь ты сердечник…» (ліст ад 18.11.1937 г.).
Але хваробы, як і сам адпачынак ад працы, таксама робяцца даўжэйшымі — робіцца адчувальным ўзрост песьняра. Яму ўжо кепска дапамагаюць нават радонавыя ванны вядомага бальнеалягічнага курорту СССР, які месьціўся у грузінскім мястэчку Цхалтуба — горад гэты маленькі, затое сюды ідзе прамы цягнік з Масквы. У лісьце да Сяргея Гарадзецкага, датаваным канцом траўня — пачаткам чэрвеня 1938 г., Купала паведамляе, што сур’ёзна хварэе тут, у Менску, ужо чацьвёрты тыдзень і толькі нядаўна, абапіраючыся на дзяжурную сястру, пачынае хадзіць па пакоі.
Здараецца, Купала, калі яму даводзіцца асабліва цяжка ў жыцьці і прафэсійнай дзейнасьці, спрабуе хоць неяк абараніцца, нагадаўшы іншым пра свае хваробы: «Если в Гослитиздате будут чего-нибудь артачиться, то скажи, что я больной и мне нельзя невничать», — просіць ён Сяргея Гарадзецкага (ліст з канца траўня — пачатку чэрвеня 1938 г.).
Надзеям на лепшае яшчэ ёсьць месца ў жыцьці састарэлага паэта. «Чакаю цяпла і зелені, — піша сваім карэспандэнтам 59-гадовы Купала. — Тады забяруся ў кусты і буду прыдумываць усякія штукі» (ліст да Кузьмы Чорнага і Паўла Кавалёва ад 09.05.1942 г.).
Але жыць і тварыць Купалу засталося месяц, і не хвароба перакрэсьліць шлях песьняра — сьмерць іншага роду ўладна і рэзка закрые ягоную мэдычную картку.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.