Камітэт дзяржаўнай бясьпекі затрымаў намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі, былога начальніка Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі Андрэя Ўцюрына, піша «Наша Ніва».
Уцюрына затрымалі тыдзень таму, заведзеная крымінальная справа. Яго катэдж у Драздах-2 апячатаны, паведаміла выданьне са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Афіцыйны прадстаўнік КДБ Рэспублікі Беларусь Андрэй Яраш на пытаньне карэспандэнта Свабоды адказаў: «Без камэнтароў».
У Сьледчым камітэце сказалі, што ня маюць інфармацыі адносна заведзенай справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павысіў галоўнага целаахоўнікаАндрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Менск уцеклага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэка Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі ў 2014 годзе.