Грамадзкі актывіст Яўген Батура, прыехаўшы сёньня ў Курапаты, месца расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, пабачыў усталяваны з боку пасёлку «Сонечны» знак, на якім пазначаны Бараўлянскі спэцлясгас.
«А вось і пашпарт абʼекту, — напісаў актывіст на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Думаеце, "Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў"? Не! Бараўлянскае спэцлясгас, майстарскі ўчастак № 2, абход № 8. І "крайні" пазначаны — лясьнік Лукашонак. Дарэчы, а што значыць "спэцлясгас"? У чым яго спэцыфічнасьць? І хто даглядаў гэты лес у 30-я і пазьней, калі зьнішчаліся доказы забойстваў?».
Раней ва ўрочышчы былі ўсталяваныя лавы, агароджы і ўваходныя брамы.
Гэта ўсё адбываецца ў рэчышчы правадзімага ўладамі добраўпарадкаваньня, дзеля якога былі дэмантаваныя і вывезеныя крыжы, усталяваныя актывістамі. Людзей, якія пратэставалі супраць «крыжалому» (так гэта назваў мітрапаліт Кандрусевіч) арыштоўвалі і штрафавалі.
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.