25 красавіка пачаўся візыт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Ужо адбылася яго сустрэча з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам.
Параўнайма лідэраў дзьвюх краінаў
Партыйны «прынц»
Сі Цзіньпін нарадзіўся ў 1953 годзе ў Пэкіне. Яго бацька Сі Чжунсюнь у 1930-я гады ўваходзіў у кола самых блізкіх паплечнікаў Мао Цзэдуна, пасьля ўтварэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі ў 1949 годзе, займаў вышэйшыя пасады ў кіраўніцтве краіны, у 1959-1962 гадах быў віцэ-прэм’ера Дзяржсавету. Сі Цзіньпін лічыцца прадстаўніком унутрыпартыйнага кляну «тайцзыдан» — «партыі прынцаў» — нашчадкаў буйных кітайскіх партыйных лідэраў.
Аляксандар Лукашэнка нарадзіўся ў вёсцы, да абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі ён быў вясковым жыхаром.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жалезнае братэрства, якое не ржавее» — афіцыйная рэакцыя на візыт Лукашэнкі ў КітайВёска як пакараньне
У 1962 годзе бацьку Ці Цзіньпіна абвінавацілі ў антыпартыйнай змове. У 1965 году Сі Чжунсюнь быў высланы з Пэкіну ў правінцыю Хэнань, а ў гады «культурнай рэвалюцыі» (1966-1976) утрымліваўся пад арыштам. У 1969 годзе Сі-малодшага адправілі на «працоўнае перавыхаваньне» у вёску ў адной з самых бедных правінцый КНР — Шэньсі. Як распавядаў сам Сі Цзіньпін, сем гадоў яго домам была пячора, тонкая коўдру на цаглінах было яго ложкам, а вядро — прыбіральняй.
У пачатку 1970-х яму, як і дзецям іншых апальных партыйных чыноўнікаў, было дазволена вярнуцца. У 1974 годзе, нягледзячы на тое, што яго бацька ўсё яшчэ сядзеў у турме, Сі Цзіньпін быў прыняты ў Камуністычную партыю Кітая (КПК) і нават стаў сакратаром вясковай партарганізацыі.
Адукацыя
У 1975-1979 гадах Сі Цзіньпін вучыўся ў прэстыжным пэкінскім унівэрсытэце Цінхуа на хіміка-тэхналагічным факультэце. У 1998-2002 гадах Сі Цзіньпін вучыўся ў асьпірантуры ўнівэрсітэту Цінхуа на факультэце гуманітарных навук па спэцыяльнасьці «марксісцкая тэорыя і ідэйна-палітычнае выхаваньне», ён атрымаў доктарскую ступень у галіне юрыспрудэнцыі.
Аляксандар Лукашэнка скончыў завочна гістарычны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту (1975) і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1985).
Новы ўзьлёт бацькі
У другой палове 70-х бацька Сі Цзіньпіна вярнуўся з турмы і аднавіў сваю палітычную дзейнасьць у вышэйшай кагорце лідэраў краіны пад кіраўніцтвам Дэн Сяопіна, які ў 1978 годзе ўзначаліў краіну.
Бліскучая партыйна-дзяржаўная карʼера
У 1982 году Сі Цзіньпін стаў сакратаром генэрала Гэн Бяо, міністра абароны, паплечніка свайго бацькі. У далейшым займаў шэраг кіроўных пасадаў у розных рэгіёнах краіны — сакратар раённага камітэту КПК, сакратар гаркаму партыі, займаў пасады губэрнатара ў некалькіх правінцыях, у 2007 годзе стаў першым сакратаром Шанхайскага гаркаму КПК. У лістападзе 2002 года на XVI зʼездзе КПК, калі новым генэральным сакратаром ЦК КПК быў абраны Ху Цзіньтао, Сі Цзіньпін увайшоў у склад ЦК.
Гульня прастолаў — жалезны трон
Экспэрты адзначалі, што лідэр Кітаю Ху Цзінтао аддаваў перавагу ў якасьці пераемніка Лі Кэцяну. Але большасьць іншых фракцыяў кіраўніцтва КПК аддавалі перавагу сакратару шанхайскага гаркаму Сі Цзіньпіну.
У лістападзе 2012 на пленуме ЦК КПК Сі Цзіньпін быў абраны новым генэральным сакратаром кампартыі Кітая. У 2013 годзе на пленарным пасяджэньні Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў ён быў абраны старшынём КНР.
Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам Беларусі, атрымаўшы перамогу на выбарах у 1994 годзе. Да гэтага ён быў дэпутатам парлямэнту і дырэктарам саўгасу «Гарадзец»
Новы Мао — шлях да вечнай улады
КНР — аднапартыйная дыктатура. Аднак падчас кіраваньня Дэн Сяопіна быў усталяваны мэханізм абавязковай ратацыі вышэйшага кіраўніцтва партыі і дзяржавы. Аднак на пленуме КЦ КПК у 2016 годзе Сі Цзіньпін атрымаў статус «кіруючага ядра», якога ня меў яго папярэднік Ху Цзіньтао.
У 2017 годзе на 19-м зʼездзе КПК ідэя Сі Цзіньпіна пра сацыялізм з кітайскай спэцыфікай ў новую эпоху была афіцыйна ўнесеная ў Статут КПК. Упершыню з часоў Мао Цзэдуна гэта адбылося да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў генэральнага сакратара ЦК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна зь перавыбраньнем. У іх абодвух цяпер «безьліміт на кіраваньне»У 2018 годзе Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў унёс папраўку ў Канстытуцыю, паводле якой ідэя Сі Цзіньпіна пра сацыялізм з кітайскай спэцыфікай у новую эпоху была афіцыйна ўключаная ў Канстытуцыю КНР
Сход таксама скасаваў канстытуцыйнае абмежаваньне, паводле якога кіраўнік КНР можа займаць гэтую пасаду ня больш за два тэрміну. Гэта адкрыла для Сі Цзіньпіна магчымасьць заставацца ва ўладзе калі заўгодна доўга.
Аляксандар Лукашэнка ў 2004 годзе правёў рэфэрэндум, у выніку якога было скасаванае аналягічнае канстытуцыйнае абмежаваньне, паводле якога адна асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны.
Змагар з карупцыяй
Паводле кітайскіх СМІ Сі Цзіньпін зарэкамэндаваў сябе як непрымірымага змагара з карупцыяй яшчэ на першых этапах сваёй партыйна-дзяржаўнай карʼеры. Калі ён узначаліў краіну і партыю, была разгорнутая кампанія барацьбы з карупцыя на нацыянальным узроўні, якая закранула як нізавое, гэтак і вышэйшае кіраўніцтва. Толькі ў 2018 годзе за карупцыйныя дзеяньні ў Кітаі былі прыцягнутыя да адказнасьці 621 тысяча чалавек.
Віні-Пух пад забаронай
На тэрыторыі Кітая забаронена любая згадка Віні-Пуха з-за падабенства яго выявы з кіраўніком дзяржавы. Была забароненая гульня Devotion, дзе прысутнічала выява мядзьведзя з нецэнзурным абразай на адрас старшыні КНР. Гэтага аказалася дастаткова для поўнай забароны ў кітайскім разьдзеле сэрвісу Steam.
Футбол, цыгун і ангельская мова
Паведамляецца, што Сі Цзіньпін любіць футбол, мае досьвед заняткаў будысцкімі баявымі мастацтвамі і дыхальнай гімнастыкай цыгун. Ён таксама добра валодае ангельскай мовай, яму падабаюцца галівудзкія стужкі, сярод тых, якія яму асабліва падабаюцца — карціна «Выратаваць шарагоўца Райана».
Аляксандар Лукашэнка аддае перавагу хакею, валодае толькі беларускай і расейскай мовамі.
Другая жонка і адна дачка
У першай палове 1980-х гадоў Сі Цзіньпін быў жанаты на Кэ Лінлін, дачцы пасла Кітая ў Вялікабрытаніі. Потым пара разышлася, Кэ пакінула краіну і пераехала жыць у Вялікабрытанію.
У 1987 годзе Сі Цзіньпін пабраўся шлюбам са знакамітай кітайскай сьпявачкай Пэн Ліюань. Яна — начальнік Акадэміі мастацтваў кітайскай арміі, мае чын генэрал-маёра. Адмыслоўцы адзначаюць, што Сі Цзіньпін да абраньня ў сакратарыят ЦК КПК у 2007 годзе быў менш вядомы ў краіне, чым яго жонка.
У Сі ёсьць дачка Сі Мінцзэ, якой 27 гадоў. Па некаторых дадзеных, яна навучаецца ў Гарвардзе пад псэўданімам.
Аляксандар Лукашэнка мае трох сыноў — Віктара, Дзьмітрыя і Мікалая. Афіцыйна ён знаходзіцца ў шлюбе з жонкай Галінай.
Цытаты Сі Цзіньпіна
- Толькі той, хто носіць чаравікі, можа сказаць, ці падыходзяць яны яму
- Праводзіць палітыку пратэкцыянізму — усё роўна што зачыняцца ў цёмным пакоі, абаронісься ад ветру і дажджу, але таксама пазбавісься сьвятла і паветра.
- У выніку хапіла ўсяго толькі ціхай абвесткі Гарбачовым аб роспуску КПСС — і вялікая партыя пала. У самым канцы не знайшлося сапраўднага мужчыны, які б выйшаў супраціўляцца
- У замежнікаў няма ніякіх прычын для таго, каб на нас няспынна паказваць пальцам. Па-першае, Кітай не экспартуе рэвалюцыю; па-другое, ён не экспартуе голад і беднасьць; па-трэцяе, ён вам не стварае ніякага галаўнога болю. Тады навошта казаць лішняе?
- Сьвет знаходзіцца на мяжы радыкальных пераменаў. Мы бачым, як паступова разбураецца Эўразьвяз, як адбываецца крах эканомікі ЗША.
Сі і Лукашэнка пра Сталіна
Сі (2018): Лічу, што для сапраўдных камуністаў Сталін важыць не менш Леніна, а па адсотку правільных рашэньняў яму наогул няма роўных у сусьветнай гісторыі.
Лукашэнка (2019): Ды я не імя Сталіна адраджаў, хоць і ён гэтага заслугоўвае.
Лукашэнка (2006): Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу.