Гісторык Краўцэвіч пра палітычны стыль Пазьняка і першую спрэчку зь ім

Зянон Пазьняк. Менск, жнівень 1991 г.

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

Летам 1986 года Алег Трусаў папрасіў дапамагчы Зянону Пазьняку на раскопках дамініканскага кляштара ў Менску. Адсюль вынікае, што ведаю Зянона Станіслававіча больш за трыццаць гадоў. Праз супрацу на раскопе, а потым і іншыя сустрэчы магу сьцьвярджаць, што маё меркаваньне пра гэтую асобу грунтуецца на ўласным, а не чужым вопыце.

Першым уражаньнем было радаснае адкрыцьцё, што сустрэў беларускага інтэлектуала, які па ўзроўню не саступаў маскоўскім! Ня так даўно, вярнуўшыся пасьля маскоўскай асьпірантуры, я быў расчараваны агульным нізкім узроўнем беларускіх археолягаў і іх навукі. Але аказалася, што і ў нас ёсьць ня толькі адныя «лапці»!

Аляксандар Краўцэвіч

Потым заўважыў дзіўную рэч — у прысутнасьці Пазьняка шмат хто са знаёмых і незнаёмых беларусаў бянтэжыўся. Аказалася, саромеюцца свайго няўменьня гаварыць па-беларуску. А Пазьняк жа нікога не прымушаў, не сарамаціў, заўсёды трымаўся зычліва і інтэлігентна. Але ад яго проста веяла маральнай сілай і людзі тое адчувалі.

Яшчэ ў палявых умовах выявілася, што ён выдатны археоляг і хоць кіруе немалым калектывам, ня мае смаку да ўлады. Неяк спрачаліся зь ім пра фіксацыю профілю ў раскопе. Абодва мелі рацыю, але Зянон Станіслававіч як старэйшы і як кіраўнік, мог проста загадаць зрабіць па-ягонаму. Аднак спрабаваў мяне пераканаць і калі ня змог, глянуў нібыта ўпершыню ўбачыў і сказаў са скрухай і зьдзіўленьнем: «Але ж ты, братка, і ўпарты чалавек!» Тады я ўспрыняў гэта ледзь не як камплімэнт, цяпер успамінаю і трохі няёмка, бо сапраўды спрачаўся адно з упартасьці.

А вось празь некалькі гадоў, іду каля парлямэнту, а насустрач Зянон Станіслававіч, кіруецца на працу, але зь нейкім сумным, ледзь не пакутлівым выразам твару. Вось кажу, зьбіраюся летам на раскопкі туды і туды. Зянон Станіслававіч уздыхнуў і са скрухай кажа: «Зь якой бы радасьцю зараз паехаў капаць на ўсё лета, каб толькі не ісьці туды, гаварыць, глядзець на гэтыя твары...»

Зянон Пазьняк не правадыр, які за масамі ня бачыць людзей. Я быў сьведкам як ён дапамагаў, ратаваў менавіта канкрэтных людзей, часта яму незнаёмых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сындром халопа». Краўцэвіч пра нацыянальную хваробу беларуса


Зянон Пазьняк проста маральны лідэр нацыі.

Калі на мяжы 80-х і 90-х у Беларусі пачаліся дэманстрацыі за дэмакратыю і незалежнасьць і калі арганізатарам быў Пазьняк, я абавязкова на іх ішоў. Бо ведаў, ён не дапусьціць правакацыі, людзей на бойню не павядзе і за сьпінамі хавацца ня будзе. Ужо тады ён сфармуляваў свой палітычны стыль — заўсёды казаць праўду.

Прызнаюся, мне здавалася, што праз столькі гадоў палітычнай практыкі гэты стыль зьменіцца, бо ён зусім не гарантуе перамогі над папулістамі. Але ж не! Зянон Станіслававіч сёньня — адзін зь нямногіх вядомых мне палітыкаў, які гаворыць праўду. Магчыма, мы, беларусы, калі-небудзь дарасьцём да таго, каб гэта зразумець і ацаніць. Ужо патроху ацэньваем «заднім чыслом».

Заўсёды цешуся, калі зь ім сустракаемся. Цешуся зь ягонага здароўя фізычнага і творчага. Кожны раз пасьля сустрэчы адчуваю прыліў энэргіі і веры ў нашу перамогу. Бо яна прыйдзе!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.