Як і навошта палешукі ўпрыгожваюць крыжы на Вялікдзень. Фотагалерэя
«Тое, што людзі павязваюць каляровыя стужкі, нават на плот вакол крыжа, гэта ўжо сучасная рэч, — кажа Вольга Лабачэўская. — Яркія стужкі, ня вышываныя, а набіваныя ручнікі, штучныя кветкі — усё гэта прыйшло на зьмену больш традыцыйным спосабам упрыгожваньня».
Вёска Семехавічы, Пінскі раён
«На Палесьсі крыжы ўпрыгожваюць больш маляўніча, чым у іншых раёнах Беларусі, — кажа экспэрт. — Тое, што я бачу на вашых здымках, гэта яшчэ ня самыя яскравыя прыклады. Ёсьць рэгіёны, дзе крыжы перад сьвятамі ўпрыгожваюць яшчэ больш традыцыйна. Цалкам абкручваюць крыж ручнікамі, агароджы аздабляюць ня стужкамі, а хусткамі».
Вёска Хойна
«Увогуле традыцыя ўпрыгожваньня крыжоў зьвязаная з аброчнай традыцыяй, — расказвае Вольга Лабачэўская. — Калі жанчыны нібы сплачваюць аброк, прыносяць тканіну свайго ўласнага вырабу. Цяпер ужо прыносяць куплёныя ручнікі, куплёныя стужкі, куплёныя хусткі. Але гэта ўсё адно застаецца ня толькі аздабленьнем, але і традыцыяй аброку. Людзі прыносяць крыжу свой падарунак, моляцца Богу. Гэта ўсё зьвязанае з традыцыяй аброку».
«У ранейшыя часы для ўпрыгожваньня крыжоў выкарыстоўвалі ўласныя вырабы, — кажа экспэрт. — Ручнікі саматканыя, хатнія тканіны, фартухі маглі павесіць жаночыя. Нават ужываныя, ня толькі новыя. Чым бліжэй да нашага часу, тым больш аздабляюць крыжы. Традыцыя аброку захоўваецца, але нясуць да крыжоў іншае. Куплёныя тканіны, а не самаробныя. Стужкі куплёныя».
Вёска Хойна, Пінскі раён
«Упрыгожваць крыжы могуць ня толькі да Вялікадня, — гаворыць Вольга Лабачэўская. — Жанчына можа проста прыйсьці да крыжа, прынесьці нешта, памаліцца Богу ля яго, папрасіць пра штосьці».
«Крыжы ў Беларусі аздабляюць паўсюль, — расказвае экспэрт. — Калі вы праедзеце па Беларусі, то пабачыце, што ўпрыгожаныя нават каталіцкія крыжы. На іх стужкі будуць, альбо вяночкі, альбо кветачкі. Крыжы голыя не стаяць. Хіба толькі царква паставіла, васьміканцовы».
«Крыж — гэта ня проста крыж, гэта знак, мэдыятар паміж чалавекам і Богам, — гаворыць Вольга Лабачэўская. — Да крыжа прыходзяць як да сакральнага месца. Калі чалавек нешта просіць, моліцца, ён павінен нешта пакінуць. Узаемаадносіны традыцыйныя, трэба аддзячыць неяк, нешта даць, падарыць. Гэта вельмі старадаўняя традыцыя».
«Палесьсе — гэта зона, дзе захавалася найбольш традыцый, — расказвае экспэрт. — Спалучыліся хрысьціянскія традыцыі з больш глыбіннымі. Але нельга сказаць, што ўпрыгожваньне крыжа — гэта паганства. На Палесьсі вельмі набожныя вёскі, там жывуць веруючыя людзі. Вера там ніколі не зьнікала, але яна спалучаецца з народнымі вераваньнямі».
Крыж ва украінскай вёсцы Омыт, за 2 км ад мяжы зь Беларусьсю.
Вёска Омыт.
Жыхары беларускай вёскі Невель упрыгожваюць крыж.
Гэты ж крыж празь некалькі гадзін. «На ўезьдзе ў вёску крыжы ставяць ня проста так, гэта яшчэ і знак аховы, — тлумачыць экспэрт. — Уваход, выхад зь вёскі абараняюць крыжам. А цэнтар, скрыжаваньне дарог, — гэта таксама асаблівае месца. Небясьпечнае, важнае. Гэта паўсюль так, але на Палесьсі амаль абавязкова. У іншых рэгіёнах Беларусі можа цяпер адзін крыж стаяць, а на Палесьсі — амаль заўсёды тры».
Жанчыны ўпрыгожваюць магілу невядомага жаўнера ў Семехавічах, Пінскі раён.