Паводле афіцыйных дакумэнтаў, туркмэнскія ўлады з наступнага году дазволяць вучыцца сваім студэнтам толькі ў адной беларускай ВНУ — у БДУ. Цяпер там вучыцца толькі 18-я частка ад усіх туркмэнаў — студэнтаў беларускіх устаноў. Колькі фінансава страціць Беларусь?
7749 — столькі студэнтаў з Туркмэністану навучаюцца цяпер у Беларусі (паводле Белстату). Але цяпер у Туркмэністане ўводзіцца новы парадак прызнаньня дыплёмаў замежных вышэйшых навучальных установаў. Пералік ВНУ, дыплёмы якіх будуць прызнавацца ў краіне, абнародавалі напярэдадні.
У гэтым сьпісе толькі адна беларуская ўстанова — БДУ. Цяпер там вучацца 422 студэнты з Туркмэністану. Забарона для туркмэнскіх студэнтаў значыць ня толькі непрызнаньне дыплёмаў іншых ВНУ, але яшчэ і немагчымасьць атрымліваць грошы на жыцьцё ў Беларусі і на аплату вучобы ад сваякоў.
З дакумэнту вынікае, што гэта ня тычыцца студэнтаў, якія сёньня ўжо вучацца ў Беларусі, — толькі тых, хто паступіць пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ВНУ могуць страціць туркмэнскіх студэнтаўУ астатніх беларускіх ВНУ вучацца яшчэ 7327 студэнтаў з Туркмэністану. Толькі ў адным БДУІРы іх болей за 500.
Колькі страцяць беларускія ВНУ
Ні ў беларускіх ВНУ, ні ў Мінадукацыі Свабодзе не патлумачылі, ці плянуюцца дадатковыя пагадненьні паміж Туркмэністанам і Беларусьсю, каб даць магчымасьць студэнтам вучыцца ва ўсіх беларускіх ВНУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія настаўнікі страйкуюць. Іх заробкі ў разы большыя, чым у БеларусіКалі нейкія дадатковыя дакумэнты ня будуць прынятыя, то туркмэнскія студэнты ня змогуць вучыцца ў 41 дзяржаўнай беларускай ВНУ і 9 прыватных. Для ВНУ гэта страты.
У сярэднім навучаньне аднаго замежнага студэнта ў Беларусі каштуе 3 тысячы даляраў за год. Атрымліваецца, калі застануцца толькі студэнты БДУ (422), а астатнія 7327 ня змогуць вучыцца, то беларускія ўнівэрсытэты страцяць 22 мільёны даляраў штогод.