Жыхар мястэчка Малая Вішэра Наўгародзкай вобласьці Расеі аштрафаваны на 30 тысяч расейскіх рублёў (982,5 беларускага рубля, або 470 даляраў) за «непавагу да ўлады», расказвае «Настоящее время».
34-гадовы мужчына двойчы разьмясьціў 31 сакавіка ва «ЎКантакце» надпіс, які, як вырашыў суд, «абражае чалавечую годнасьць і грамадзкую маральнасьць, выказвае відавочную непавагу да грамадзтва, дзяржавы, органаў дзяржаўнай улады Расейскай Фэдэрацыі». Паводле запісу з суду, пасты зьмяшчалі надпісы «Пуцін – казачны…» і мацернае слова.
Закон, які ўводзіць штраф за «непавагу да ўлады», Уладзімір Пуцін падпісаў 18 сакавіка. Адпаведны артыкул КаАП набыў моц 29 сакавіка — за два дні да тых пастоў. За такія пасты могуць штрафаваць на суму да 200 тысяч расейскіх рублёў (30 тысяч – мінімальны штраф) або саджаць пад арышт на 15 сутак.
Паводле «Левада-цэнтру», 53% расейцаў выступілі супраць гэтага закону, а 64% заявілі, што ён прыняты, каб не дапусьціць крытыкі чыноўнікаў на тле паведамленьняў пра карупцыю і злоўжываньне ўладай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дадатковая праверка зноў пацьвердзіла: слова «г...к» на адрас Лукашэнкі — не абраза