Інфармацыйнае табло на трасе Менск–Віцебск зь нядаўняга часу адлюстроўвае замест надпіса па-беларуску «выконвай хуткасны рэжым» надпіс па-расейску «соблюдай скоростной режим», адзначыў Tut.by.
Іншыя надпісы на табло ля Раўбічаў цяпер таксама трансьлююцца па-расейску, адзначылі чытачы выданьня. У дзяржаўным прадпрыемстве «Мінскаўтадар-цэнтр» Tut.by так пракамэнтавалі зьмены:
«У нас у краіне дзьве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская, таму чаму б не разьмясьціць зварот да кіроўцаў на расейскай? Тым больш, што табло ўсталяванае на трасе, па якой часта езьдзяць госьці з Расеі, кіроўцы павінны разумець, што за зварот ім адрасуецца, ад гэтага залежыць бясьпека на дарогах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары, мова, наркотыкі. 10 заяваў з пасланьня Аляксандра ЛукашэнкіЗьмены на табло адбыліся неўзабаве пасьля таго, як надпісам «выконвай хуткасны рэжым» публічна абурыўся Аляксандар Лукашэнка. 19 красавіка ў час звароту да народу ён казаў:
«Зноў нейкія скаргі. Ад нашага насельніцтва, не кажу ўжо ад расейцаў. Дзесьці шыльды апэратыўна мяняюцца. Да глупства даходзіць. Еду па дарозе. Траса, як яе называюць, прэзыдэнцкая. Вывесілі табло: „Выконвай хуткасны рэжым“.
Ну мне мне як беларусу зразумела, што хацелі сказаць... Але едзе рускі чалавек або расейскамоўны беларус: „Выконвай... Хуткасны...“ Але зразумеў, што „рэжым“. Няўжо, думае, зноў пра дыктатуру Лукашэнкі? Што вы хацелі гэтым паказаць?
50 адсоткаў насельніцтва (з запасам кажу) зразумеюць, што патрабуе дарожнік або даішнік... Але астатнія ж не зразумеюць! Давялося вярнуць назву нармальную. Хто зразумее, што гэта хуткасны рэжым, а не дыктатура Лукашэнкі?»
За тыдзень да таго міністар культуры Расеі Ўладзімір Мядзінскі на супольным паседжаньні калегіяў міністэрстваў культуры Беларусі і Расеі папрасіў беларускага калегу Юрыя Бондара «надаць асаблівую ўвагу абароне расейскай мовы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьнікае расейская мова зь менскіх шыльдаў, як сказаў пуцінскі міністар? Наадварот ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутка», «смачна»? Замяніць на нармальны язык!