Кацярына Ціханава, якую СМІ лічаць дачкой прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, 24 траўня будзе абараняць дысэртацыю на званьне кандыдата фізыка-матэматычных навук. Пра гэта піша сайт «Открытые медиа» са спасылкай электронную базу дакумэнтаў МДУ.
Дысэртацыя Кацярыны Ціханавай прысьвечана стварэньню прылад, якія дапамагаюць лётчыкам і касманаўтам лепш арыентавацца ў прасторы пры экстрэмальных умовах.
Навуковымі кіраўнікамі Ціханавай сталі рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Віктар Садоўнічы і загадчык катэдры прыкладной мэханікі і кіраваньня Ўладзімір Аляксандраў. Згодна з базай дадзеных ВНУ, за апошнія 10 гадоў Садоўнічы быў навуковым кіраўніком пры напісаньні дысэртацый толькі тры разы. А пры абароне дыплёмных работ студэнтаў толькі аднойчы — у 2011 годзе, а ягонай падапечнай была сама Ціханава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малодшая дачка Пуціна ўпершыню зьявілася ў расейскай тэлевізііПра тое, што Кацярына Ціханава на самой справе адна з дачок расейскага прэзыдэнта, першым расказаў у студзені 2015 году журналіст Алег Кашын. У лістападзе 2015-га агенцтва Reuters пацьвердзіла гэтую інфармацыю ў сваім расьсьледаваньні. Пра тое, што Кацярына Ціханава дачка Пуціна, казаў у інтэрвію Bloomberg кіраўнік банку ВТБ Андрэй Косьцін. У якасьці дачкі прэзыдэнта Ціханава згаданая і ў паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША аб увядзеньні чарговых санкцый супраць найбліжэйшага акружэньня Пуціна ў красавіку 2018 году.
Прэзыдэнт Расеі публічна не пацьвярджаў і не зьняпраўджваў інфармацыю пра тое, што Ціханава — ягоная дачка. У чэрвені 2017 году Пуцін сказаў, што абедзьве дочкі жывуць у Маскве, і пацьвердзіў, што ў яго нарадзіўся ўнук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радня Пуціна меняе прозьвішчы (ВІДЭА)Фонд Ціханавай «Иннопрактика» распрацаваў канцэпцыю навукова-тэхнічнай даліны МДУ. За апошнія пяць гадоў фонд атрымаў больш за 40 дзяржкантрактаў на суму звыш 1 мільярда рублёў, удакладняе «МБХ медиа».
Грошы фонду, у прыватнасьці, давалі дзяржаўныя кампаніі «Роснефть», «Росатам» і «Транснефть». Па зьвестках Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага, у 2015–2016 гадах, акрамя грошай ад дзяржкантрактаў, «Иннопрактика» атрымала больш за 4оо мільёнаў рублёў у якасьці «мэтавых унёскаў». Паходжаньне гэтых грошай і тое, на якія праекты яны былі выдаткаваныя, ФБК высьветліць не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям'я былога разьведчыка Пуціна (фотагалерэя) ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў адмаўляе, што Кацярына Ціханава — дачка Пуціна