ЗША павіншавалі Зяленскага зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны

Новы прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (справа)

У заяве Дзярждэпартамэнту гаворыцца, што ЗША таксама віншуюць украінскі народ з правядзеньнем выбараў, «якія сталі адлюстраваньнем жыцьцяздольнай дэмакратыі ва Ўкраіне празь пяць гадоў пасьля Рэвалюцыі годнасьці 2014 году і пасьля пяці гадоў неаслабнае расейскае агрэсіі», паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Выбары былі мірнымі і канкурэнтнымі, а іх вынік паказаў волю народу. Мы вітаем папярэдні даклад АБСЭ аб выбарах», — заявіла прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Морган Ортагус.

«Злучаныя Штаты нязьменна падтрымліваюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласьць Украіны ў межах яе міжнародных межаў і будуць і далей стаяць на баку Ўкраіны ў працэсе правядзеньня вельмі неабходных рэформаў», — падкрэсьліла Ортагус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шосты прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Што важна пра яго ведаць

«Мы разьлічваем на сумесную працу з выбраным прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім для дасягненьня агульнай мэты нашых дзьвюх краін — бясьпечнай, квітучай, дэмакратычнай і свабоднай Украіны», — дадала яна.

Па выніках галасаваньня, якое адбылося ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне 21 красавіка, шостым прэзыдэнтам Украіны выбраны актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі. Па выніках падліку 99,87% галасоў за яго прагаласавалі 73.23% выбарнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што абяцаў Зяленскі і чаго ад яго чакаюць выбарцы і алігархі. Апэратыўны аналіз