Паводле «Радзіва „Прудок“» паставілі новы спэктакль. Рэжысэр — украінец, акторы — беларусы

Спэктакаль «Гэтамы» паводле кнігі «Радзіва Прудок»

У менскім культурным цэнтры «Корпус» 29 красавіка адбудзецца паказ спэктаклю «Гэтамы» па кнізе Андрэя Горвата «Радзіва „Прудок“​» — той, паводле якой раней ставілі спэктакль у Купалаўскім тэатры, пра пастаноўку якога Горват напісаў кнігу «Прэм’ера».

Спэктакль пакажуць двойчы за дзень 29 красавіка, пачатак а 18.00 і а 20.30. У канцы сакавіка «Гэтамы» паказалі на фэстывалі ў Магілёве і ў Менску «для сваіх». Цяпер паказы ладзяцца для ўсіх, квіткі па 15 рублёў ужо ў продажы праз інтэрнэт.

Новую пастаноўку робіць украінскі рэжысэр – мастацкі кіраўнік Кіеўскага тэатру на левым беразе Дняпра Стас Жыркоў. Ролі выконваюць маладыя беларускія акторы розных тэатраў: Андрэй Новік, Дар’я Новік, Зьміцер Давідовіч, Мікалай Стонька, Васіль Бойдак, Антон Жукаў, Ільля Ясінскі.

Арганізатары падкрэсьліваюць, што «Гэтамы» —іншае прачытаньне кнігі «Радзіва „Прудок“». Як сьцьвярджаецца, «больш эмацыйнае і дынамічнае, ажно да крыку, больш акцэнтаванае на тое, што Горват і ягоныя героі — гэта ўсе мы».

Кніга «Радзіва „Прудок“» — нататкі пісьменьніка, які працаваў дворнікам у Купалаўскім, але вырашыў зьехаць на малую радзіму на Палесьсе. Спачатку Андрусь Горват публікаваў іх «у рэальным часе» на Facebook, затым выдаў на паперы. За кнігу ён атрымаў прэміі «Дэбют» і «Залатая літара». У Купалаўскім тэатры тым часам працягваюцца паказы спэктаклю «Радзіва „Прудок“». Найбліжэйшыя — 4 і 5 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не адчуваю віны за тое, што мне лёгка», — Андрэй Горват. Вялікае інтэрвію