Трыюмфальная — без усялякага перабольшаньня — перамога шоўмэна Ўладзіміра Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне гэта ня проста перамога над дзейным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. Гэта яшчэ і безумоўная перамога над цэлай палітычнай клясай, над сыстэмай, якая пасьля гэтай перамогі літаральна ляжыць у руінах. Бо ў першым туры Зяленскаму, акрамя Парашэнкі прайгралі дасьведчаныя вядомыя палітыкі, якія яшчэ за некалькі месяцаў да вылучэньня яго кандыдатуры прэтэндавалі на праходжаньне ў другі тур выбараў. Што ж адбылося?
Трыяда «Армія. Мова. Вера» не магла не прайграць простаму пацанскаму «Мы іх зробім»
Прасьцей за ўсё растлумачыць такі фэнамэнальны вынік расчараваньнем грамадзян ва ўладзе, стомленасьцю ад беднасьці, вайны і карупцыі, імкненьнем убачыць новыя твары ва ўладзе, што і будуць сёньня рабіць многія назіральнікі. Яшчэ адзін важны матыў, пра які скажуць прыхільнікі Пятра Парашэнкі — абыякавасьць многіх грамадзян да дзяржаўных атрыбутаў, дзякуючы чаму трыяда «Армія. Мова. Вера» не магла не прайграць простаму пацанскаму «Мы іх зробім».
Усе гэтыя тлумачэньні былі б добрыя, калі б Уладзімір Зяленскі знаходзіўся на палітычнай сцэне Ўкраіны ў ганарлівай адзіноце ў бітве зь дзяржаўным цмокам, і мы не хацелі б зразумець, якія яшчэ гульцы, акрамя новаабранага прэзыдэнта, становяцца бэнэфіцыярамі дзяржаўных руін. Але для таго, каб зразумець і ўбачыць гэта, давядзецца вярнуцца ў 2014 год.
Тады, на вяршыні супрацьстаяньня пратэстнага руху і Віктара Януковіча, аказалася, што алігархі, якія здаваліся натуральнымі саюзьнікамі яго рэжыму, не ў захапленьні ад тых крымінальных правілаў, якія прэзыдэнт навязаў дзяржаўнаму арганізму. Днепрапятроўская каманда алігарха Ігара Каламойскага падтрымала Майдан. Дзьмітры Фірташ і Сяргей Лёвачкін, які пайшоў у адстаўку з пасады кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта ў самым пачатку пратэстаў, відавочна хацелі, каб прэзыдэнт аслабеў. Віктар Пінчук заўсёды быў гатовы да дыялёгу з апазыцыяй, а Рынат Ахметаў захоўваў свой традыцыйны нэўтралітэт, заснаваны на простым правіле — зь ім заўсёды дамаўляецца любая ўкраінская ўлада.
Постмайданная Украіна з крымінальнай рэспублікі зноў ператварылася ў алігархічную дзяржаву
Крах Януковіча азначаў і крах усёй створанай ім сыстэмы ўлады, інстытуцый, нават самой дзяржавы. І ўплыў алігархаў у гэтай новай народнай стыхіі таксама аслаб, але не надоўга. Таму што першыя ж дні расійскай агрэсіі прадэманстравалі: краіну нельга адстаяць без падтрымкі алігархічных кланаў. Стала адбывацца тое, што цяжка сабе было ўявіць нават у эпоху Януковіча, ня тое што пасьля Майдану. Ігар Каламойскі стаў кіраўніком адміністрацыі Днепрапятроўскай вобласьці, а яго паплечнік Ігар Паліца ўзначаліў Адэскую вобласьць. Былі спробы ўгаварыць Рыната Ахметава ўзначаліць Данецкую вобласьць, на чале якой у выніку апынуўся яго даўні партнэр Сяргей Тарута. Для таго, каб забясьпечыць сабе посьпех на выбарах прэзыдэнта краіны, Парашэнка быў вымушаны заручыцца падтрымкай Фірташа і Лёвачкіна на адмысловай сустрэчы ў Вене. Новая, постмайданная Украіна з крымінальнай рэспублікі зноў ператварылася ў алігархічную дзяржаву.
Аднак, і гэта важна зразумець, як алігархічныя дзяржава Украіна не разьвівалася. Новая ўлада ня столькі па сваёй волі, колькі пад ціскам заходніх крэдытораў пачала абмяжоўваць алігархічны ўплыў. З усіх алігархаў больш за іншых пацярпеў Каламойскі, які быў вымушаны пакінуць краіну і страціў кантроль над кампаніяй «Укрнафта» і Прыватбанкам. Ды ня толькі ён, але і Фірташ зь Пінчуком маглі лічыць, што Парашэнка занадта пераацэньвае важнасьць прэзыдэнцкай пасады і дарма ўявіў сябе раўнёй сапраўдным гаспадарам краіны. Ну, а Ахметаў па-ранейшаму захоўваў свой звыклы нэўтралітэт. І яшчэ кантроль над тэлевізійным холдынгам. Уласна, гэтая чацьвёрка цалкам кантралюе тэлевізійную прастору краіны, якая вызначае ўяўленьне большасьці грамадзян аб тым, што адбываецца. Навіной гэтай выбарчай кампаніі стала тое, што да гэтага, ужо клясычнага кантролю, дадалося уменьне працаваць з новымі тэхналёгіямі, а значыць, з новымі пакаленьнямі алігархічных падданых.
яны могуць увесьці ў прэзыдэнцкі кабінэт таго, каго палічаць годным. Хоць каня, хоць шоўмэна
Сыгнал, які алігархі паслалі гэтай выбарчай кампаніяй ўсёй украінскай палітычнай клясе, просты: той, хто ня хоча зь імі дамаўляцца, ня хоча іх пачуць, той, хто замахваецца на іх уласнасьць, ня можа разьлічваць на перамогу на выбарах, а яны могуць увесьці ў прэзыдэнцкі кабінэт таго, каго палічаць годным. Хоць каня, хоць шоўмэна. І я не сумняваюся, што гэты сыгнал ужо пачуты і засвоены, а значыць, новы парлямэнт будзе знаходзіцца амаль пад татальным алігархічным кантролем. Так што ўкраінскую дзяржаву, якая спрабавала з алігархічнай вольніцы стаць сапраўдным дзяржавай, разграміў не папулярны артыст і ня стомленыя грамадзяне. Яго разграмілі менавіта тыя, хто хоча, каб дзяржава заставалася ўсяго толькі інструмэнтам іх прывілеяванага клюбу мільярдэраў. І калі пасьля выбараў прэзыдэнта і парлямэнту іх плян канчаткова ўвасобіцца ў жыцьцё, неўзабаве Ўкраіну (як і суседнюю Малдову) апазыцыянэры будуць называць «захопленай дзяржавай» — што, зрэшты, асаблівага ўплыву на сыстэму прыняцьця рашэньняў аказваць ня будзе.
Перашкодзіць ажыцьцяўленьню гэтага пляну могуць новы прэзыдэнт і ўкраінскі народ. Новы прэзыдэнт — калі ён у эўфарыі сваёй перамогі і народных чаканьняў перастане разумець, чаму ён павінен лічыцца з інтарэсамі тых, каго гадамі весяліў на канцэртах і вечарынках. Але ў такім выпадку Зяленскі павінен быць гатовы да сапраўднай палітычнай вайны на зьнішчэньне, а мы ня ведаем, ці гатовы ён, ці хоча ён трымаць удар. А ўкраінскі народ — калі алігархі будуць схіляць ўладу да дамоўленасьцяў з Масквой, якія здадуцца здрадай актыўнай часткі грамадзтва. Тады Ўкраіна зноў пагрузіцца ў паўстаньне, якое падтрымае тая частка алігархічнага клюбу, якая палічыць, што канкурэнты атрымалі занадта шмат ўлады і ўласнасьці.
Мільярдэры не захоўваюць адзінства пасьля перамогі
Гэта, дарэчы, яшчэ адна, самая відавочная магчымасьць перашкодзіць наступу алігархаў на саслабелую дзяржаву. Мільярдэры знаходзяць агульную мову, калі трэба аб’яднацца супраць уплыву дзяржаўных структур, але не захоўваюць адзінства пасьля перамогі.
Ужо празь некалькі тыдняў алігархічныя тэлеканалы пачнуць вайну на зьнішчэньне канкурэнтаў гаспадара, блізкія да алігархаў палітыкі пачнуць змагацца адзін з адным у эфіры, прэзыдэнцкая адміністрацыя пачне ўкамплектоўвацца прадстаўнікамі супрацьлеглых кланаў, а журналісты-сьледчыя будуць выяўляць у сваіх электронных паштовых скрынях новыя «праслушкі», дакумэнты з афшору і сэнсацыйныя фатаграфіі. Менавіта дзякуючы гэтай няздольнасьці дамаўляцца, перамогі алігархаў над дзяржавай пакуль што абарочваліся не аўтарытарызмам, а спэцыфічнай украінскай дэмакратыяй. Ну, а што бывае з краінай, калі дзяржава і алігархі аказваюцца здольныя прыйсьці да згоды, расейскаму чытачу нагадваць ня трэба.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.