Ва Ўкраіне падлічваюць вынікі галасаваньня, якое адбылося ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 21 красавіка.
Паводле папярэдніх падлікаў на 8 гадзін раніцы 22 красавіка Зяленскі мае 73% выбарнікаў, за Пятра Парашэнку прагаласавала 24% грамадзян, якія прыйшлі на выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі — 73,14%, Парашэнка — 24,53%. ЦВК Украіны падлічыў 97% галасоўПаводле Нацыянальнага экзыт-полу, шостым прэзыдэнтам Украіны выбраны актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі. Дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка за тры тыдні пасьля першага туру так і ня змог пераадолець вялікі разрыў у падтрымцы.
Свабода сабрала самыя важныя факты пра пятага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, які прызнаў паразу, павіншаваў Зяленскага зь перамогай і заявіў, што пакідае пасаду, але не палітыку.
Пачатак кар’еры Пятра Парашэнкі
Дзейны прэзыдэнт Украіны нарадзіўся ў 1965 годзе ў раённым цэнтры Болград у Адэскай вобласьці. У пачатку 1980-х служыў у савецкім войску, у Казахстане. У 1989 годзе Пятро Парашэнка паступіў у Кіеўскі інстытут міжнародных адносін, дзе ў той час вучыўся будучы (цяпер ужо былы) прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі.
Літаральна праз год пасьля атрыманьня студэнцкага білета будучы прэзыдэнт Украіны адкрыў невялікую фірму, якая дапамагала мясцовым прадпрыемствам гандляваць з замежнымі кампаніямі. Потым заняўся пастаўкай какава-бабоў некалькім кандытарскім фабрыкам, якія пазьней адна за другой пачалі пераходзіць у ягоную ўласнасьць.
Дзелавым партнэрам маладога пасьпяховага прадпрымальніка ў той час стаў Алег Сьвінарчук — той самы Алег Гладкоўскі (ён зьмяніў прозьвішча), які ў час прэзыдэнцтва Пятра Парашэнка будзе прызначаны першым намесьнікам сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. А перад самымі выбарамі 31 сакавіка 2019 году журналісты раскрылі схемы ўдзелу ягонага сына Ігара ў кантрабандных пастаўках з Расеі запчастак для рамонту ўкраінскай вайсковай тэхнікі. Гэта стварыла дадатковыя перашкоды для Пятра Парашэнка ў выбарчай кампаніі, але ўсё ж ня стала галоўнай прычынай ягонай паразы.
Буйны бізнэсовец
Пятро Парашэнка стварыў бізнэс-імпэрыю зь некалькіх дзясяткаў буйных кампаній: кандытарскія фабрыкі ў чатырох краінах (Вугоршчыне, Літве, Расеі, Украіне), тэлекампанію «5 канал» (менавіта гэты тэлеканал інфармацыйна забясьпечыў перамогу Аранжавую рэвалюцыю 2004–2005 гадоў, калі Пятро Парашэнка ўвайшоў у каманду Віктара Юшчанкі), а таксама сельскагаспадарчыя і транспартныя прадпрыемствы.
Асабістыя страты ад расейскай агрэсіі
Пасьля анэксіі Крыму Севастопальскі марскі завод, які належаў Пятру Парашэнку, нацыяналізавала расейская акупацыйная ўлада. Нядаўна Расея абвясьціла, што менавіта на гэтым прадпрыемстве будзе рамантаваць караблі Чарнаморскага флёту. Дзейны прэзыдэнт Украіны застаецца ўласьнікам аднаго актыву ў Расеі — Ліпецкай кандытарскай фабрыкі. Што праўда, яе маёмасьць разам зь зямельнымі ўчасткамі ды іншымі актывамі арыштаваная ў 2015 годзе нібыта за падатковую запазычанасьць. Прадаць фабрыку праз гэты арышт немагчыма, вытворчасьць закансэрваваная, а аспрэчыць у судзе дадаткова налічаныя падаткі і пеню прадпрыемству так і не ўдалося.
Сям’я
У Пятра Парашэнкі чацьвёра дзяцей і двое ўнукаў. Старэйшы сын Аляксей — дэпутат Вярхоўнай Рады, выбраны ад Блёку Пятра Парашэнкі. Аляксей вучыўся ў Ітонскім і Вінчэстэрскім каледжах, а потым у Лёнданскай школе эканомікі. Брытанскую адукацыю атрымалі ўсе дзеці пятага прэзыдэнта Ўкраіны. Хросным бацькам дачок Парашэнкі Яўгеніі і Аляксандры стаў колішні прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка.
Марына, жонка Пятра Парашэнкі, — дачка Анатоля Пераведзенцава, намесьніка міністра аховы здароўя УССР, а пазьней дарадцы амбасадара СССР у Манголіі. Яна атрымала мэдыцынскую адукацыю і некаторы час працавала лекарам у адной з кіеўскіх шпіталяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка: Я рабіў памылкі, але мне ня сорамна за гэтыя 5 гадоў. Як глядзець дэбатыБацька дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Парашэнка ў савецкі час працаваў у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Малдовы і Ўкраіны, цяпер ён узначальвае фонд «Прайм Эсэтс Кэпітал», які кіруе больш як 35 прадпрыемствамі, што належаць ягонаму сыну Пятру.
Згодна з дэклярацыяй аб маёмасьці і прыбытках, Пятру Парашэнка належыць жылы будынак плошчай амаль паўтары тысячы квадратных мэтраў, некалькі зямельных участкаў і тры кватэры. У яго ёсьць аўтамабіль Mercedes Benz 2010 году выпуску, а жонка Марына езьдзіць на Jaguar 2008 году. На банкаўскіх рахунках дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны — амаль паўмільёна даляраў. Дывідэнды за 2018 год склалі 1,5 мільярда грыўняў (прыблізна 55,5 мільёна даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Лукашэнка і Парашэнка
Карупцыйныя скандалы
Прэзыдэнцтва Пятра Парашэнка азмрочыла некалькі карупцыйных скандалаў, якія, праўда былі зьвязаныя зь ягоным атачэньнем — спачатку з Алегам Гладкоўскім, а літаральна празь некалькі тыдняў пасьля гэтага — зь Ігарам Кананенкам, які шмат гадоў працаваў у канцэрне «Укрпрамінвэст», што належыць дзейнаму прэзыдэнту, а цяпер зьяўляецца дэпутатам фракцыі «Блёк Пятра Парашэнка». Ігар Кананенка, паводле журналісцкага расьсьледаваньня ўкраінскай службы Радыё Свабода, быў датычны да стварэньня фірмаў-пракладак для разьлікаў за электраэнэргію тром аблэнэрга, якія часткова належаць дзяржаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за месяц да выбараў успыхнуў карупцыйны скандал, апазыцыя хоча імпічмэнту ПарашэнкіНа працягу ўсёй выбарчай кампаніі Пятро Парашэнка вымушаны быў апраўдвацца, што ня мае дачыненьня ні да адной з гэтых спраў.
На зьніжэньне рэйтынгу дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны паўплывала і гісторыя зь таямнічай сямейнай паездкай на Мальдыўскія астравы для адпачынку на навагоднія сьвяты ў 2018 годзе.
Тады журналісты зь вялікімі складанасьцямі дамагліся ад адміністрацыі прэзыдэнта пацьверджаньня факту такой паездкі. Пятро Парашэнка сьцьвярджаў, што не выкарыстоўваў для гэтай паездкі бюджэтных сродкаў, але тая акалічнасьць, што прэзыдэнт ваюючай краіны дазволіў сабе такі ваяж, нэгатыўна адбілася на ягонай папулярнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыйны скандал ва Ўкраіне: Парашэнка звольніў з Рады нацыянальнай бясьпекі свайго бізнэс-партнэра
Дасягненьні прэзыдэнта Парашэнкі
Нягледзячы на тое, што за ўвесь час сваёй палітычнай дзейнасьці Пятро Парашэнка часта мяняў сваю партыйную прыналежнасьць, на пасадзе прэзыдэнта ён зрабіў нямала: зь ягонай ініцыятывы былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю, якія замацавалі курс на ўступленьне краіны ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO, дэцэнтралізаваная сыстэма ўлады, адноўлена боегатоўнасьць войска, створана адзіная памесная праваслаўная царква Ўкраіны і актыўна падтрымлівалася ўкраінская мова і культура.
Пятро Парашэнка неаднойчы казаў, што апошнія пяць гадоў — найбольш цяжкія ў ягоным жыцьці. Але алігархам ён сябе ня лічыць, бо алігархі, паводле яго, — гэта людзі, якія для ўзбагачэньня выкарыстоўваюць уладу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бязьвіз +, даходы -. Страты і здабыткі Ўкраіны за апошнія 5 гадоў. НА КАРТКАХ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шосты прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Што важна пра яго ведаць