Тысячагадовы шалом з Бабруйску адправілі ў музэй Вялікай Айчыннай вайны

Знойдзены ў Бабруйску шалом

Гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк паведаміў сёньня Аляксандру Лукашэнку, што шалом належаў полацкаму князю Ізяславу — сыну кіеўскага князя Ўладзіміра і полацкай княгіні Рагнеды. Свабода высьветліла, што сярэднявечны шалом, які два тыдні таму знайшлі ў Бабруйску, перадалі на рэстаўрацыю ў музэй Вялікай Айчыннай вайны.

У адміністрацыі гэта патлумачылі тым, што ў музэі працуюць самыя моцныя рэстаўратары зброі.

«Гэта настолькі каштоўны экспанат, што яго перадалі нам на рэстаўрацыю», — сказаў Свабодзе праз тэлефон Юры Цыкал, намесьнік дырэктара музэю.

Спачатку шлем ачысьцяць, а потым закансэрвуюць.

Таксама на ачыстку і кансэрвацыю ў Менск неўзабаве адправяць новыя знаходкі зь берагоў ракі Бярэзіны. Учора архэолягі выявілі там баявую сякеру і мэталічныя наканечнікі стрэлаў.

Па словах Мікалая Сілкова, гісторыка з Бабруйску, цяпер немагчыма са стопрацэнтнай пэўнасьцю сказаць, каму належалі шалом і сякера. Але няма сумневу, што гэта быў вельмі статусны чалавек.

«Сам шлем па сабе быў у тыя часы статусным. Да таго ж з упрыгожаньнямі, — сказаў Сілкоў Свабодзе. — Па складанасьці тэхналёгій гэты шлем можна параўнаць, груба кажучы, з сучасным самалётам-зьнішчальнікам».

Гісторык кажа, што і шалом, і сякера з наканечнікамі знойдзеныя ў адным комплексе — у адным месцы ці гістарычным слаі. Гэта яшчэ ня значыць, што яны належалі аднаму чалавеку, але дакладна яны паходзяць з аднаго часу: канец 10 — пачатак 11 стагодзьдзя.

У кожным разе, гэта знаходка ўнікальная. У сьвеце вядома каля 20 шлемаў гэтага пэрыяду. І толькі 5 зь іх захаваліся цалкам.

Больш пэўна пра знаходкі можна будзе казаць толькі пасьля ачышчэньня. Ёсьць верагоднасьць, што пад слоем іржы на сякеры можа быць княскае кляймо.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бабруйску знайшлі тысячагадовы шалом. Аддадуць у музэй. ФОТА

Таксама гісторыкі спадзяюцца, што на месцы першых знаходак мог захавацца цэлы комплекс. Калі там знойдзецца нешта новае, можна будзе больш пэўна вызначыць прыналежнасьць шалома і сякеры.

Неўзабаве разьведку на беразе Бярэзіны адновяць аквалянгісты. Калі стане суха, тут пачнуцца археалягічныя працы.

Мікалай Сілкоў кажа, што бабруйскі шалом захаваўся ў лепшым стане, чым аналягічныя шаломы з Чорнай магілы — вараскага кургана ў Чарнігаве. Але ўсё адно знаходкі патрабуюць пільнай кансэрвацыі.

«На карцінках ён выглядае лепш, чым ужывую, — кажа Сілкоў. — На адкрытым паветры за пару тыдняў яго можна страціць. Былі выпадкі, калі некаторыя мэталічныя часткі старажытных знаходак ператвараліся ў труху пад узьдзеяньнем кіслароду».