«Мэнтальна і ў Лукашэнкі, і ў Зяленскага сталіца — Масква»

Your browser doesn’t support HTML5

Як зьменяцца стасункі Беларусі і Ўкраіны пасьля 21 красавіка? У чым сакрэт рэйтынгу Ўладзіміра Зяленскага? Абмяркоўваюць аглядальніца ўкраінскай Свабоды Наталка Чурыкава, Юры Дракахруст, Франак Вячорка і вядоўца Ганна Соўсь.

Сьцісла

  • У Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Зяленскага шмат агульнага. Яны абодва прадукты савецкай сыстэмы.
  • У сьвеце зьявіўся запыт ня толькі на новае аблічча, але і на новы фармат палітыкаў.
  • Узьлёт Зяленскага — пасланьне: прэч усе, хто раней былі ва ўладзе, і прарасейскія, і праэўрапейскія, і тыя, хто быў за Майдан.

«На чалавечым узроўні ў іх не павінна быць праблемаў»

Ганна Соўсь: Калі прэзыдэнтам Украіны будзе абраны Ўладзімір Зяленскі, якіх зьменаў у стасунках зь Беларусьсю можна чакаць? У Парашэнкі з Лукашэнкам былі някепскія і палітычныя, і асабістыя стасункі. У Лукашэнкі велізарны досьвед (не дэмакратыі, праўда, а ўсё ж аўтарытарызму), ён чвэрць стагодзьдзя ва ўладзе. Ці не апынецца Зяленскі ў стасунках зь кіраўніком Беларусі, так бы мовіць, зялёным палітыкам? А можа наадварот рэалізуецца сцэна з сэрыялу «Слуга народу», калі ўкраінскаму прэзыдэнту можна не ўставаць, калі ў дзьверы заходзіць Аляксандар Лукашэнка?

Наталка Чурыкава

Натальля Чурыкава: Напачатку будзе складана, бо гэта ўсё ж розныя пакаленьні і іншы фармат стасункаў тут усё ж будзе. Пры ўсім гэтым у Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Зяленскага шмат агульнага. Яны абодва — прадукты савецкай сыстэмы. Магчыма, пакаленьне Зяленскага ёсьць прадуктам і постсавецкай сыстэмы, але я думаю, што мэнтальна ў абодвух сталіца — Масква. Там яны пачуваюцца нашмат лепей, чым у якіх-небудзь эўрапейскіх сталіцах, магчыма нават лепей чым у сябе дома. Ніякая іншай мовай яны не валодаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрый Гардон: «Лукашэнка і Зяленскі зачаруюць адзін аднаго» 

У роліках Зяленскага гучыць вывучаная ўкраінская мова, але звычайнай украінскай мовай ён ня можа гаварыць зь людзьмі. Для таго, каб навучыцца гаварыць па-ўкраінску, яму давялося браць урокі ўкраінскай мовы падчас выбарчай кампаніі. Абодва яны паходзяць з глыбінкі. Уладзімер Зяленскі разам са сваім «Кварталам 95» прыехалі з Крывога Рогу, індустрыяльнага гораду на поўдні Ўкраіны, дзе 600 тысяч жыхароў і адзін тэатар драмы і музычнай камэдыі. Магчыма праз гэта ягоныя таленты.

Я думаю, што на чалавечым узроўні ў іх не павінна быць праблемаў. Менск — важная сталіца для Кіева, паколькі там адбываюцца перамовы. І Лукашэнка адыгрывае ў гэтым вялікую ролю, таму, хоча ён таго, ці ня хоча, але добрыя стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам яму давядзецца мець.

«Рэпутацыя ня мае значэньня»

Ганна Соўсь: Франак, вы вучыліся ў ЗША, калі там ішла прэзыдэнцкая кампанія 2016 году. Калі паглядзець заходнія СМІ, то там даволі часта параўноўваюць кампаніі Зяленскага і Трампа. Самі ўкраінцы, дарэчы, ня лічаць такія параўнаньні карэктнымі. Тым ня менш, у чым падабенства, а ў чым адрозьненьне? Трамп даволі выразна фармуляваў свае пазыцыі: абараніць амэрыканскі рынак, скасаваць мэдычную рэформу Абамы, міграцыі — стоп, з Мэксыкай — сьцяну. Спрэчна, але пэўна. А зь Зяленскім?

Франак Вячорка

Франак Вячорка: Кампаніі, сапраўды, падобныя, але і адрозныя ў той жа час. За апошнія некалькі гадоў у сьвеце, у Эўропе зьявіўся запыт на новых палітыкаў, ня толькі на новае аблічча, але і на новы фармат палітыкаў, палітыкаў-шоўмэнаў, палітыкаў, якія весяляць, на нестандартных палітыкаў, якія не гавораць завучанымі фразамі, якія пішуць у twitter, жартуюць на youtube. Гэта ўсё зьнішчае дыстанцыю паміж аўдыторыяй, выбарнікамі і ўласна самой асобай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Код пакаленьня: Чым падобныя Зяленскі і «тройка» Белавус, Матолька, Пальчыс

І Зяленскаму нашмат прасьцей аджартавацца ў падрыхтаваным відэароліку на ФБ ці жывым стрыме на youtube, чым выступаць з палітычнай прамова ці адказваць на нязручныя пытаньні. Таму яму сапраўды прасьцей адсядзецца там, дзе ён рызыкуе згубіць больш, чым выходзіць і павялічваць свой і так станоўчы рэйтынг. Час патрабуе ад палітыкаў быць іншымі ад рэшты. Рэпутацыя ня мае значэньня.

Мы памятаем па беларускіх выбарах сытуацыю з Раманчуком і Дзьмітрыевым. А што адбылося на наступных выбарах у 2014-2015 гадах? Усе забыліся пра гэтыя прызнаньні ў эфіры БТ і пра разгон групы Някляева. Тое самае адбываецца і цяпер. Калі палітык нешта ляпне ці ў непрыемную гісторыю трапіць, праз пару гадоў людзі забудуцца. Тое самае адбываецца і ў нашым рэгіёне, і ва Ўкраіне. Тыя, хто былі зьвязаныя зь Януковічам, зараз удзельнічаць у камандзе Зяленскага. Людзей гэта ня моцна кранула, хаця, здаецца, і доказы, і рэпартажы ёсьць, і яны павінны падлягаць люстрацыі. Але людзі кажуць, што гэта было даўно, мінула, давайце забудзем. Яны схільныя прабачаць мінулыя грахі зь вераю ў тое, што гэты чалавек можа мяняцца. Але людзі звычайна не мяняюцца, на жаль, масавая сьвядомасьць гэтага не разумее.

«Парашэнка насамрэч шмат добрага зрабіў, але зробленае параўноўвалі з чаканьнямі»

Ганна Соўсь: Юры, а калі ўсё ж прэзыдэнтам будзе пераабраны Парашэнка? Лукашэнка двойчы выказваў упэўненасьць, што так яно і будзе. Ці будзе гэта той самы Парашэнка, які быў да выбараў 2019 году? Можна прыгадаць, што ў сваім палітычным жыцьці ён нярэдка рабіў крутыя павароты.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст: Я мяркую, што ўзьлёт рэйтынгу Зяленскага зьвязаны з рэвалюцыяй. Бо ацэнка кіраваньня Парашэнкі — гэта ў значнай ступені ацэнка таго, у якой ступені ён спраўдзіў ці ня спраўдзіў спадзяваньні, якія спарадзіла рэвалюцыя. Скажам, ад Леаніда Кучмы на другім яго тэрміне ў 1999 годзе не пыталіся, ад яго не чакалі выкананьня такіх вялікіх надзеяў. А ад Парашэнкі — чакалі.

У 2014 годзе людзі змагаліся, жыцьцямі ахвяравалі дзеля скачка ў новы цудоўны сьвет. Парашэнка насамрэч шмат добрага зрабіў, але зробленае параўноўвалі з чаканьнямі. На гэта наклаўся і крызіс даверу ўсёй эліце, які сьпеў усе гады незалежнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што бывае, калі комік становіцца губэрнатарам

Узьлёт Зяленскага — гэта пасланьне: прэч усе, хто раней былі ва ўладзе, і прарасейскія, і праэўрапейскія, і тыя, хто быў за Майдан. і хто быў супраць яго. Калі паглядзець у шырокім гістарычным кантэксьце, паставіўшы «рэвалюцыю годнасьці» ў шэраг іншых вялікіх эўрапейскіх рэвалюцыяў, можна прыгадаць, што ва ўсіх тых вялікіх рэвалюцыях пасьля іх наступаў пэрыяд карэкцыі, час, калі некаторыя вынікі рэвалюцыяў адкідаліся, а іншыя — умацоўваліся. І нават калі фармальна адбывалася рэстаўрацыя, калі на прастол у Англіі вярнуўся Карл ІІ, а ў Францыі — Людовік ХVІІІ, гэтыя краіны не вярнуліся ў дарэвалюцыйны стан.

Ад Зялянскага таксама шмат чакаюць. Але не таго, чаго чакалі ад Парашэнкі ў 2014 годзе. 5 гадоў таму чакалі скачку ў царства шчасьця, ад Зяленскага чакаюць нармалізацыі: каб не валілася грыўня, каб не ўзмывалі ўгару камунальныя тарыфы, каб спынілася вайна.