Актор і бізнэсоўца Ўладзімір Зяленскі, якому прагназуюць перамогу на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, упершыню назваў і паказаў прадстаўнікоў сваёй каманды.
«Гэта людзі, якія будуць са мной працаваць у адміністрацыі прэзыдэнта. Далей іхнае прызначэньне адбудзецца толькі пасьля праверкі Службай бясьпекі і аныкарупцыйнымі органамі», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў эфіры тэлеканалу «1+1», які належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму.
Зяленскі прыйшоў у тэлестудыю разам з прадстаўнікамі сваёй каманды.
Руслан Стэфанчук. Цяпер ён працуе адвакатам, доктар юрыдычных навук, нарадзіўся ў Цярнопалі. Яго Зяленскі назваў «ідэолягам» сваёй каманды, які будзе адказваць за рэфармаваньне дзяржаўных і прававых інстытутаў, а таксама за законапраектную працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне: За Зяленскага гатовыя галасаваць 48% выбарцаў, за Парашэнку — 17%Іван Баканаў. Партнэр Зяленскага па «Квартале-95», кіраўнік партыі «Слуга народу». Будзе адказваць за ўзаемадзеяньне зь Вярхоўнай Радай.
Дзьмітро Разумкоў будзе адказваць за ўнутраную палітыку. У 2006–2010 гадах быў сябрам Партыі рэгіёнаў, а пасьля супрацоўнічаў зь Сяргеем Цігіпкам.
Аляксандар Данілюк. На пасадзе міністра фінансаў ва ўрадзе Ўладзіміра Гройсмана, адстойваў нацыяналізацыю «Прыватбанку», якую цяпер суд прызнаў незаконнай. У адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага будзе куратарам міжнародных дачыненьняў, фінансавай ды банкаўскай палітыкі.
Руслан Рабашапка. Працаваў ва ўрадзе Арсенія Яцэнюка намесьнікам міністра юстыцыі, потым — сябрам Нацыянальнага агенцтва ў пытаньнях папярэджаньня карупцыі. Будзе куратарам праваахоўнай і антыкарупцыйнай палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Зяленскі ўхіляецца ад дэбатаў, прэсавых канфэрэнцый і інтэрвію?Галіна Янчанка. Прадстаўніца Рады грамадзкага кантролю Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро, экс-дэпутатка Кіеўскай гарадзкой рады (2014–2015 гады). Уладзімір Зяленскі назваў яе экспэрткай у пытаньнях антыкарупцыйнай палітыкі і дыджытал-рашэньняў.
Дзяніс Манастырскі. Экспэрт Украінскага інстытуту будучыні. Ён спэцыялізуецца на судовай і праваахоўнай рэформах.
Сяргей Ёнушас. Адвакат, спэцыялізуецца на патэнтавым і аўтарскім праве. У камандзе Ўладзіміра Зяленскага будзе займацца пытаньнямі органаў правасудзьдзя.
Іван Апаршын. Палкоўнік запасу, экспэрт у пытаньнях бясьпекі і абароны. Анатоль Грыцэнка, які таксама браў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах у першым туры, у выпадку сваёй перамогі плянаваў яго прызначыць міністрам абароны. Уладзімір Зяленскі прызнаўся, што Івана Апаршына яму рэкамэндаваў менавіта Анатоль Грыцэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На нас ставіцца экспэрымэнт». Украінскія інтэлектуалы пра фэномэн ЗяленскагаІрына Венядзіктава. Прафэсарка права. Была кандыдаткай на судзьдзю Вярхоўнага суду, але выбыла з конкурсу, а не здаўшы іспыт. Адказвае за рэформы ў судовай сыстэме.
Данііл Гетманцаў. Доктар юрыдычных навук, прафэсар, адвакат, ганаровы прэзыдэнт юрыдычнай кампаніі Jurimex, прэзыдэнт Асацыяцыі падатковых дарадцаў, сябра Эўрапейскай асацыяцыі падатковых прафэсараў. Будзе куратарам у пытаньнях эканомікі, фінансаў і падаткаабкладаньня.
Вікторыя Страхавая. Працавала праектным мэнэджэрам Нацыянальнай рады рэформаў, створанай указам дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнка. Вікторыя Страхавая супрацоўнічала зь Міністэрствам фінансаў, калі яго ўзначальваў згаданы вышэй Аляксандар Данілюк. Таксама працавала карпаратыўным сакратаром нацыяналізаванага «Прыватбанку», адкуль звольнілася са скандалам. Будзе адказваць за банкаўскую дзейнасьць.
Аляксандар Мярэжка. Прафэсар права Інстытуту міжнародных дачыненьняў Нацыянальнага ўнівэрсытэты імя Шаўчэнкі. Экспэрт у пытаньнях міжнародных стасункаў і народаўладзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка vs Зяленскі. Параўноўваем праграмы кандыдатаў на прэзыдэнта ЎкраіныАлег Бандарэнка. Кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Зялёны фонд». У камандзе Ўладзіміра Зяленскага курыруе экалягічную палітыку.
Марына Бардзіна. Цяпер працуе памочніцай народнага дэпутата Ўкраіны Сяргея Лешчанкі. Будзе адказваць за рэалізацыю палітыкі роўных правоў і магчымасьцяў жанчын і мужчын.
Сяргей Кальчанка. Цяпер працуе прадстаўніком Уладзіміра Зяленскага ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Экспэрт у выбарчым заканадаўстве і эўрапейскіх стандартах у галіне правоў чалавека.
Андрэй Герус. Старшыня Асацыяцыі спажыўцоў энэргетыкі і камунальных паслуг, былы сябра Нацыянальнай камісіі, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі і камунальных паслуг. За гэтыя ж пытаньні ён будзе адказваць у камандзе Ўладзіміра Зяленскага.
Сяргей Бабак. Яшчэ адзін прадстаўнік Украінскага інстытуту будучыні. Экспэрт у пытаньнях адукацыі і навукі.
Яўген Камароўскі. Вядомы ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі пэдыятар, пісьменьнік і тэлевядоўца. Ён лічыць адмову ад вакцынацыі пагрозай для нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны і заявіў, што гатовы кансультаваць любога прэзыдэнта, які падзяляе ягоныя погляды на гэтыя пытаньні. У камандзе Ўладзіміра Зяленскага будзе адказваць за сфэру аховы здароўя.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.