Старшыня Жырмунскага сельсавету Воранаўскага раёну на Горадзеншчыне Мечыслаў Швед не вярнуўся дадому 16 красавіка. Праз двое сутак яго так і не знайшлі. Родныя ня маюць здагадак, куды ён мог падзецца.
Мечыславу Шведу 62 гады, 20 зь іх ён працуе старшынём Жырмунскага сельсавету. У міліцыю 17 красавіка зьвярнулася ягоная жонка.
На працоўным месцы ў аграгарадку Жырмуны апошні раз Мечыслава Шведа бачылі ў 11:30 16 красавіка, паведамляе УУС Горадзенскага аблвыканкаму. Потым ён сеў у службовы аўтамабіль ВАЗ-2107 белага колеру (дзяржнумар 7315 САТ) і зьехаў у невядомым кірунку. Цяпер мабільны тэлефон мужчыны недасяжны.
Па камэрах відэаназіраньня адсачылі, што Швед заходзіў у прадуктовую краму ў Жырмунах, набыў два пачкі цыгарэт, сеў у машыну і накіраваўся ў бок Воранава. Вядома, што ён ня курыць і не злоўжывае алькаголем.
Міліцыя высьветліла, што апошні раз Шведа бачыў жыхар вёскі Крыніцы Лідзкага раёну (15 км ад Жырмунаў) каля 18:00 16 красавіка . Старшыня праяжджаў па вёсцы на сваёй «сямёрцы» і накіроўваўся ў бок вёскі Дворышча.
Па зьвестках міліцыі і родных, цягам апошніх некалькіх гадоў зьніклы мужчына меў праблемы з сэрцам і іншыя праблемы са здароўем.
Дачка Мечыслава Шведа Тацяна расказала, што ў міліцыю зьвярнуліся толькі на наступны дзень, бо перажывалі, што бацьку стала кепска ў дарозе.
Аднак высьветлілася, што ў шпіталі ён не паступаў.
«Ніякіх здагадак няма. Калі б яны былі, то іх бы выказвалі, і там бы ўжо шукалі», — кажа Тацяна.
Яна дадае, што бацька ніколі не зьнікаў на трое сутак. На яе думку, прычынай такога доўгага ад’езду ня могуць быць праблемы на працы. Прынамсі, дома ён ні на якія цяжкасьці не наракаў.
«Калі б у яго былі складанасьці на працы, ён сышоў бы на заслужаны адпачынак», — упэўненая дачка зьніклага Мечыслава Шведа.
Калі вам нешта вядома пра месцазнаходжаньне Мечыслава Шведа, патэлефануйце на нумар 8-044-767-23-62 альбо 102.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Віцебшчыне згарэў драўляны касьцёл XIX стагодзьдзя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, што я яго зварыла і зьела», — сям’я зьніклага хлопчыка абураная падазрэньнямі