У Слуцкім раённым судзе абвясьцілі прысуд былому намесьніку дырэктара Менскай абласной кадэцкай вучэльні Анатолю Булгаку.
Суд прызнаў экс-кіраўніка вінаватым у перавышэньні ўлады з ужываньнем гвалту і зьнявагі і пакараў трыма гадамі зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго ўзялі пад варту ў судзе.
Анатоль Булгак на працэсе настойваў на сваёй невінаватасьці. Пасьля абвяшчэньня прысуду яго ўзялі пад варту. Ці будзе Булгак абскарджваць прысуд, невядома. Пасьля прысуду ён пасьпеў сказаць, што не задаволены вынікам, але ці будзе абскарджваць яго, яшчэ параіцца з адвакатам (апошні называў прысуд несправялівым).
Паводле сьледзтва, Анатоль Булгак зьневажаў і біў навучэнцаў кадэцкай вучэльні, часам для зьдзекаў выкарыстоўваў іголкі.
У справе было 9 эпізодаў зьдзеку і гвалту ў дачыненьні кадэтаў, якія прыпадаюць на 2014–2018 гады. Паводле судовых матэрыялаў, Анатоль Булгак рэгулярна біў кадэтаў у сваім службовым кабінэце, у калідоры і фае вучэльні. Адзін эпізод зьбіваньня і брыдкаслоўя ў адрас кадэта адбыўся падчас правядзеньня «Тыдня лесу», калі вучняў далучалі да высаджваньня дрэваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біў для прафіляктыкі. Суд у Слуцку расьсьледуе справу аб зьдзеках з навучэнцаўНекалькі цытатаў з абвінавачаньня Булгака, якое зачытаў пракурор:
- «Зьняважыў ды выцяў па галаве і ў жывот».
- «Двойчы выцяў па патыліцы і ў жывот».
- «Ударыў у твар».
- «Двойчы выцяў па галаве і цягаў за вушы».
- «Напісаў на лбе шарыкавай асадкай і ўдарыў у твар».
- «Укалоў іголкай у ягадзіцу».
Падчас працэсу Анатоль Булгак прыходзіў у суд сам, ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Анатоль Булгак — вайсковы пэнсіянэр, да пакіданьня службы кіраваў вайсковым аркестрам у Слуцкім гарнізоне. Працаваў намесьнікам дырэктара кадэцкай вучэльні з 2010 году.
Працэс над былым намесьнікам дырэктара Менскай абласной кадэцкай вучэльні вёў судзьдзя Аляксандар Галезьнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьбіваў, калоў іголкай і цягаў за вушы». Судзяць намесьніка дырэктара кадэцкай вучэльні ў Слуцку