У Слуцкім раённым судзе пачаўся працэс над былым намесьнікам дырэктара Менскай абласной кадэцкай вучэльні Анатолем Булгаком.
Былога кіраўніка абвінавачваюць паводле 3 часткі арт. 428 — у перавышэньні ўлады з ужываньнем гвалту і зьнявагі. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Паводле сьледзтва, Анатоль Булгак зьневажаў і зьбіваў навучэнцаў кадэцкай вучэльні, часам для зьдзекаў выкарыстоўваў іголкі.
У справе ня меней за 9 эпізодаў зьдзеку і гвалту над кадэтамі. Эпізоды прыпадаюць на 2014-2018 гады. Паводле матэрыялаў справы, Анатоль Булгак, былы намесьнік дырэктара, рэгулярна зьбіваў кадэтаў у сваім службовым кабінэце, але бывала, што зьбіваў у калідоры і фае вучэльні. Адзін эпізод зьбіцьця і брыдкаслоўя на адрас кадэта адносіцца да правядзеньня «Тыдня леса», калі вучняў далучалі да высаджваньня дрэваў.
Некалькі цытатаў з абвінавачаньня Булгака, якое зачытаў пракурор:
- «Зьняважыў ды ўдарыў па галаве і ў жывот».
- «Двойчы ўдарыў па патыліцы і ў жывот».
- «Ударыў у твар».
- «Двойчы ўдарыў па галаве і цягаў за вушы».
- «Намаляваў надпіс на ілбе шарыкавай асадкай і ударыў у твар».
- «Укалоў іголкай у ягадзіцу».
Віны не прызнае
Пра выстаўленае яму абвінавачаньне Анатоль Булгак заявіў суду:
«Не прызнаю віну цалкам». Анатоль Булгак пагадзіўся даваць паказаньні да допыту пацярпелых і сьведкаў. Тое, што ён ужываў гвалт да кадэтаў, абвінавачаны адмаўляў.
Абвінавачаны Анатоль Булгак прыйшоў у суд сам. Цяпер ён вайсковы пэнсіянэр, даў падпіску аб нявыезьдзе. Жыве ў Слуцку, дзе нарадзіўся ў 1952 годзе. Працаваў намесьнікам дырэктара кадэцкай вучэльні з 2010 году.
У яго абавязкі ўваходзіла ідэалягічнае выхаваньне, арганізацыя навучальнага працэсу і мэтадычнае забесьпячэньне. Акрамя гэтых абавязкаў, Булгак сам вёў у кадэцкай вучэльні вайсковую падрыхоўку і асновы вайсковай службы.
У працэсе бяруць удзел 5 курсантаў вучэльні, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі, і два дарослыя прадстаўнікі пацярпелых. У справе больш за 4 тамы. Працэс вядзе судзьдзя Аляксандр Галезьнік.