Непаўналетнія і пэнсіянэры, махляры і хакеры. Каго могуць амніставаць у 2019 годзе

Ілюстрацыйнае фота

Беларускі партал Tut.by сьцьвярджае, што атрымаў праект закону «Аб амністыі», якую маюць правесьці ў 2019 годзе. Пакуль праект праходзіць узгадненьні і не прыняты канчаткова.

Як сьцьвярджае Tut.by, у праекце прадугледжанае наступнае.

Могуць цалкам вызваліць ад крымінальнай адказнасьці, а таксама спыніць папярэднія расьсьледаваньні ў дачыненьні:

  • непаўналетніх;
  • цяжарных;
  • жанчын і адзінокіх мужчын зь дзецьмі да 18 гадоў;
  • пэнсіянэраў;
  • інвалідаў I і II групы;
  • хворых на актыўную форму сухотаў, на анкалягічныя хваробы 2-й, 3-й і 4-й групаў, ВІЧ-інфікаваных на 3-й і 4-й стадыі захворваньня;
  • вэтэранаў баявых дзеяньняў у іншых дзяржавах;
  • пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварыяў;
  • траўмаваных і захварэлых падчас вайсковай службы, у тым ліку ва Ўзброеных сілах СССР і ў КДБ СССР, а таксама ў час службы ў сучасных беларускіх сілавых структурах, Дзяржкантролі і МНС.
  • людзей, якія ўчынілі злачынствы безь вялікай грамадзкай небясьпекі і менш цяжкія злачынствы.

Да гэтага сьпісу ёсьць выключэньні. Ня будуць вызваляць тых, хто асуджаны паводле цэлага шэрагу артыкулаў, як то пэдафілія, уцягненьне ў прастытуцыю, распаўсюд наркотыкаў, супраціўленьне міліцыі або гвалт у дачыненьні міліцыянта ці службовай асобы ды іншых.

Асуджаным паводле «наркатычнага» артыкулу — ч.1, ч. 2 і ч. 3 арт. 328 КК — могуць скараціць тэрмін на 1 год. Непаўналетнім могуць скараціць тэрмін пакараньня на два гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады паабяцалі амніставаць непаўналетніх, асуджаных за наркатычныя злачынствы

Ад адбываньня пакараньня могуць вызваліць тых, хто адбыў ня менш за траціну тэрміну за наступныя злачынствы:

  • крадзеж (ч. 3 і ч. 4 арт. 205 КК);
  • махлярства (ч. 3 і ч. 4 арт. 209);
  • прыўлашчваньне і растрата (ч. 3 і ч. 4 арт. 211);
  • крадзеж праз кампутарную тэхніку (ч. 3 арт. 212);
  • незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць (ч. 3 арт. 233);
  • ілжэпрадпрымальніцтва (ч. 2 арт. 243).

Першыя тры артыкулы — акрамя выпадкаў злачынстваў у складзе арганізаванай групы.

Амністыя, паводле крыніц Tut.by, ня будзе тычыцца тых, хто асуджаны за забойства і бандытызм, вядзеньне вайны і акт тэрарызму, згвалтаваньне і пэдафілію, дарожнае здарэньне ў нецьвярозым стане, карупцыю і злоўжываньне ўладай ды іншае.

Таксама амністыя ня будзе ўжывацца да тых, хто зноў зрабіў злачынства пасьля амністыі ці памілаваньня за апошнія пяць гадоў; хто не кампэнсаваў шкоды, злосна парушаў парадак у час адбываньня пакараньня.

Апошні раз амністыя праводзілася 4 гады таму. Цяпер яна мае быць прымеркаваная да 75-годзьдзя вызваленьня БССР ад нацыстаў. Пад амністыю могуць трапіць каля 10–12 тысяч чалавек.