Завяршылася праца над кніжнай сэрыяй «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». З гэтай нагоды Свабода пагутарыла з аўтарам ідэі, заснавальнікам, каардынатарам і рэдактарам праекту — навуковым сакратаром грамадзкага Інстытуту беларускай гісторыі і культуры Анатолем Тарасам.
Як узьнікла ідэя
Паводле Анатоля Тараса, публікацыя кніг сэрыі расьцягнулася на 7 гадоў, да яе былі далучаныя 30 дасьледчыкаў.
Першыя тры кнігі былі падрыхтаваныя ў канцы 2012 году:
- «Міхаіл Андрыёлі: беларускі мастак зь Вільні» (аўтар Вітаўт Чаропка),
- «Мітрафан Доўнар-Запольскі: бацька беларускай гістарыяграфіі» (Анатоль Тарас),
- «Флярыян Ждановіч: творца беларускага тэатру» (Анатоль Тарас).
У красавіку 2019-га выйшлі пяць апошніх кніг сэрыі: «Уладзімер Жылка», «Аляксей Карпюк», «Генадзь Кісялёў», «Арсень Ліс», «Міхась Чарняўскі».
16 красавіка сэрыю афіцыйна прэзэнтуюць у менскім гатэлі «Манастырскі».
«Яшчэ гадоў 10 таму зьвярнуў увагу ў шапіках на выданьне кшталту „Роман-газеты“ (папулярны за савецкім часам часопіс), — кажа пра ідэю сэрыі Анатоль Тарас. — Гэта былі „100 выдатных дзеячаў Расеі“. Зрэшты, той праект дачасна накрыўся — я цікавіўся, асілілі ўсяго траціну. Зьявілася думка: у нашым „Белсаюздруку“ можна набыць кнігі пра расейцаў, а дзе выдатныя асобы Беларусі? Паглядзеў у адзін бок, у другі, і зразумеў: як хочаш убачыць — дык бяры і рабі. Вось так усё і пачалося...»
У 2013 годзе было выдадзена 12 кніг па 1500 асобнікаў кожнай. Самым прадукцыйным аказаўся 2016-ы — адразу 25 выданьняў. Пры гэтым наклады з году ў год падалі. А летась «Беларускі дом друку» істотна падвысіў кошт паслугаў, і сэрыя зь беспрыбытковай ператварылася ў стратную. Выдавецтва «Харвест», дзе друкаваліся кнігі, адмовілася ад супрацы. Апошнія два дзясяткі кніг былі выдадзеныя за ўласныя сродкі Тараса і ягоных паплечнікаў мінімальным накладам — 40 экзэмпляраў.
Чаму спыніліся на топ-100
Анатоль Тарас усьцешаны, што сэрыя, якая ў Беларусі ня мае аналягаў, завершаная, абяцаньне перад чытачамі выкананае. Ён кажа што пра палову герояў раней ня толькі не выдавалі кніжак, пра іх рэдка калі згадвалася і ў газэтах ці часопісах.
«Што тычыцца годных асобаў, можна набраць і 200, і 300, — працягвае Тарас. — Канечне, складана сказаць, хто найбольш выдатны, а хто на 20% не дацягвае, усё досыць суб’ектыўна. Але цікавых прадстаўнікоў літаратуры, мастацтва, дойлідзтва, музычнай культуры набіраецца некалькі сотняў. Нашмат большая праблема з аўтарамі: хто будзе пісаць, тым больш бясплатна? Я адпачатку марыў: скончу першую сотню і буду працягваць далей. Але мусіў адмовіцца: крыніц фінансаваньня няма ніякіх».
Ці былі спробы зьвярнуцца па дапамогу ў дзяржаўныя ўстановы? Выглядае, што падобныя навукова-папулярныя выданьні былі б карысным дадаткам для школьных ды студэнцкіх бібліятэк, дапаможнікам у працы дасьледчыкаў.
«Дзяржаўныя ўстановы робяць выгляд, што такой сэрыі не існуе і, як некалі трапна выказаўся філёзаф Валянцін Акудовіч, нейкага там Анатоля Тараса таксама няма. Няма вось, і ўсё. Гэта толькі мне здаецца, што я ёсьць і нешта раблю. Апошнія 20 кніжак выдалі па 40 асобнікаў, зьбіралі грошы з пэнсій, з заробкаў, каб скончыць сэрыю. У аўтараў, крытыкаў кнігі будуць: 100 абяцалі — зрабілі. Але ў гэтым пляне сэрыя скончаная, далей могуць быць мары, спадзевы, фантастыка», — падсумоўвае Анатоль Тарас.
Хто аўтары
Адпачатку меркавалася далучыць да праекту як найбольш адмыслоўцаў. Аднак некаторым дабрачынны характар працы астудзіў імпэт. Таму, кажа Анатоль Тарас, 100 кніжак зрабілі ня 100, а 30 аўтараў.
Большую палову — 61 кнігу — напісалі чатыры чалавекі:
- Анатоль Тарас (ён жа Анатоль Менскі) — 24,
- Андрэй Мельнікаў — 17,
- Алесь Марціновіч — 10,
- Уладзімер Арлоў (кінарэжысэр) — 10.
У ліку іншых, чые прозьвішчы значацца на вокладках, —
- Анатоль Астапенка (6),
- Вітаўт Чаропка (4),
- Ірына Шумская (3),
- Аркадзь Падліпскі (2),
- Леніна Міронава (2),
- Сяргей Гвазьдзёў (2).
Па адной кнізе ў актыве 20 аўтараў:
- Анатоль Валахановіч,
- Андрэй Вашкевіч,
- Яўген Гучка,
- Зьміцер Дзятко,
- Настасься Зелянкова,
- Алеся Лапо,
- Леанід Лаўрэш,
- Арсень Ліс,
- Ігар Мельнікаў,
- Вера Міцкевіч,
- Антон Мялік,
- Алесь Ненадавец,
- Алесь Пашкевіч,
- Аляксандар Тамковіч,
- Алена Турава,
- Кастусь Цьвірка,
- Сьвятлана Шахоўская,
- Янка Шутовіч,
- Лія Кісялёва і Вольга Архіпава (суаўтары).
Паколькі пісалі розныя людзі, працягвае Анатоль Тарас, адны кнігі больш нагадваюць дапаможнікі для выкладчыкаў, іншыя — глыбокія дасьледаваньні жыцьця і творчасьці.
Як адбіралі герояў
Былі, кажа Анатоль Тарас, і спрэчкі, ці абавязкова выдатныя прадстаўнікі беларускай культуры павінны мець беларускае паходжаньне. Было вырашана: кожны творца, які плённа працаваў у гэтым краі, — беларускі дзеяч.
«Этнічнае паходжаньне, сацыяльная прыналежнасьць, веравызнаньне, нават мова, на якой размаўлялі тыя выдатныя людзі, ня маюць прынцыповага значэньня, — лічыць Анатоль Тарас. — Галоўнае, што яны жылі і працавалі ў Беларусі, а сваю прафэсійную і грамадзкую дзейнасьць прысьвяцілі нашай краіне і яе жыхарам. Усё, што адбывалася на землях Беларусі ў кожны з пэрыядаў, — падзеі менавіта тутэйшай культуры. Значыць, кожны творца, які працаваў тут, ёсьць беларускім дзеячам».
Як удакладняе Анатоль Тарас, на менскую прэзэнтацыю запрошаныя перадусім аўтары, якія працавалі над кніжнай сэрыяй «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», а таксама людзі, якія ўвесь гэты час падтрымлівалі праект маральна — пры яго дабрачынным характары гэта вялікая справа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнятае застанецца. Як заводзкі токар ствараў відэахроніку беларускай незалежнасьці. ФОТА і ВІДЭА