Як выглядае самая старая драўляная пабудова Беларусі — лямус у Горадні. ФОТА

Горадзенскі лямус

Лямус стаіць у цэнтры Горадні, але паглядзець на яго без папярэдняй дамоўленасьці нельга — помнік архітэктуры знаходзіцца за высокім мурам. Падчас фэсту экскурсаводаў гарадзенцы ўбачылі самую старую драўляную пабудову Беларусі і даведаліся, як ідзе аднаўленьне.

Экскурсію праводзіла адміністратарка інфармацыйна-турыстычнага цэнтру Горадзенскай дыяцэзіі​ Гражына Шалкевіч.

Гражына Шалкевіч

1. Лямусы выкарыстоўвалі пад склады і жытло

Слова «лямус» паходзіць зь нямецкай мовы і даслоўна перакладаецца як «дом з гліны». Такія сельскагаспадарчыя будынкі ў 1–3 паверхі былі распаўсюджаныя на тэрыторыі Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы ў XVII–XX стагодзьдзях. У іх звычайна захоўвалі прадукты, інструмэнты, зброю, кнігі, а ўлетку і жылі.

Лямусы былі распаўсюджаныя ў Заходняй Беларусі, Польшчы і Літве

2. У горадзенскім лямусе жыў сьвятар

Горадзенскі лямус месьціцца ў двары былога брыгіцкага кляштару. Ён зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі найвышэйшай катэгорыі. Па адных зьвестках, манахіні там жылі, пакуль не пабудавалі мураваны комплекс кляштару. Паводле іншых, першы паверх выкарыстоўвалі як гаспадарчае паяшканьне, а на другім жыў капэлян, які апекаваўся ордэнам брыгітак.

На другім паверсе жыў капэлян

3. Лямус можа памаладзець на сто гадоў

Паводле некаторых гістарычных зьвестак, лямус быў пабудаваны ў 1634 годзе. Большасьць гісторыкаў прыходзіць да думкі, што ён зьявіўся пазьней. Паводле польскай дасьледчыцы Марыі Каламойскай, будынак датуецца 1769 годам. Цяпер праводзяць экспэртызу, каб вызначыць узрост дрэва з дакладнасьцю ў 10 гадоў.

Лямус на паштоўцы 1930-х гадоў

4. У савецкі час месьціўся шпіталь

У савецкі час у драўляным будынку месьціўся псыханэўралягічны шпіталь. У гэты час усярэдзіне зьявіліся дадатковыя перагародкі. Сьцены знутры ўцяплілі і патынкавалі. Пабудавалі печкі.

У савецкі час тут месьціўся шпіталь

5. Лямус аддалі каталікам толькі ў 2003 годзе

У 2003 годзе брыгіцкі кляштар разам зь лямусам аддалі каталікам. Больш за дзесяць гадоў ён ніяк не выкарыстоўваўся.

Дагэтуль заходзіць усярэдзіну і падымацца на другі паверх па сходах небясьпечна

6. Аднаўленьнем займаюцца палякі

Лямус быў на мяжы гібелі ад старасьці, калі ў 2015 годзе яго пачалі аднаўляць. Рэстаўрацыю праводзяць польскія спэцыялісты. Фінансуецца праект пераважна Міністэрствам культуры Польшчы, частку выдаткаў кампэнсуе Горадзенская рымска-каталіцкая дыяцэзія.

Фінансуе праект Міністэрства культуры Польшчы

7. Цьвікі ў драўляную пабудову давялося ўбіваць

Лямус першапачаткова быў пабудаваны безь цьвікоў. Але з пачаткам работ высьветлілася, што мэталічныя цьвікі і цяжы ў будынку ўсё ж зьявіліся. Калі — невядома. Відаць, зь цягам часу бярвёны сталі змацоўваць, каб спаруда не развалілася.

Лямус быў пабудаваны без адзінага цьвіка

Ужо зь цьвікамі

8. Сьцены змацавалі, каб яны не рассыпаліся

Падчас аднаўленьня некаторыя струхлелыя бярвёны замянілі на новыя. Адзін з вуглоў лямуса прасеў на 30 сантымэтраў, яго падымалі. Усе сьцены змацавалі драўлянымі цяжамі. Усё дрэва ўручную ачысьцілі, прамачылі вадкасьцю, якая абараняе яго ад прыродных узьдзеяньняў, шкоднікаў. Цяпер цьвікі ды іншыя мэталічныя канструкцыі таксама выкарыстоўваюць, бо бязь іх ужо нельга захаваць будынак. Унутраныя перагародкі, печкі і напластаваньні савецкага часу прыбралі.

Струхлелыя часткі дрэва замянілі

Сьцены змацавалі вялікімі драўлянымі цяжамі

9. Паднялі будынак у паветра

Каб умацаваць фундамэнт, увесь будынак лямуса давялося падымаць на дамкратах у паветра. Зь першай спробы гэта не атрымалася з прычыны вялікай вагі будынка. Тады зьнялі з даху ўцяпленьне з саломы з глінай. Другая спроба скончылася ўдала.

Будынак падымалі, каб умацаваць фундамэнт

10. Дах з гонты замянілі

Дах лямуса замянілі. Ён, як і раней, крыты сасновай гонтай (дахавым матэрыялам у форме невялікіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам — з другога). Зь цягам часу страха стане шэрага колеру, як і раней.

Дах з гонты

11. Вокны і дзьверы паменшаць

На чарзе замена вокнаў і дзьвярэй лямуса. Цяпер праёмы розных памераў. Ім вернуць аўтэнтычны маленькі памер. Большыя вокны прарэзалі, каб болей сьвятла трапляла ў памяшканьне. Наступны этап рэканструкцыі таксама будуць праводзіць польскія адмыслоўцы.

Аўтэнтычныя вокны былі маленькія

​12. Адкрыюць музэй

У лямусе плянуюць зрабіць музэй, прысьвечаны ордэну манахінь-брыгітак, якія працавалі ў Горадні цягам трохсот гадоў да пачатку XX стагодзьдзя.

13. Першыя манахіні-брыгіткі прыехалі ў Горадню ў 1634 годзе

Брыгіцкі кляштар, у дворыку якога месьціцца лямус, пачалі будаваць у 1642 годзе Крыштаф і Мар’яна Весялоўскія з роду Сабескіх. Іхная сваячка была манахіняй-брыгіткай. Сёстры гэтага ордэна прыехалі ў Горадню ў 1634 годзе. Паводле іхнага статуту, прынамсі 22 сястры меліся быць шляхцянкамі. У часы Расейскай імпэрыі царскія ўлады забаранілі новым дзяўчатам уступаць у кляштар. Апошняя манахіня-брыгітка памерла ў 1908 годзе.

Арачныя скляпеньні брыгіцкага кляштару захаваліся

14. У былым манастыры зьявіцца музэй і гатэль

У савецкі час тут месьціўся шпіталь. Аднаўленьне памяшканьняў кляштару пачалося ў 2006 годзе. Цяпер тут хочуць адкрыць турыстычны цэнтар з музэем гісторыі Каталіцкай царквы на Горадзеншчыне, гатэлем для турыстаў, інфармацыйным цэнтрам.

15. У сутарэньнях засталіся манаскія рэчы

У падвалах касьцёла, які ўваходзіў у комплекс брыгіцкага кляштару, захоўваюцца рэчы манахінь: абразы з XVIII стагодзьдзя, кнігі, мэбля, асабістыя рэчы. У малітоўнай залі касьцёла захоўваюцца парэшткі старажытнарымскага жаўнера IV стагодзьдзя сьвятога Клемэнса, які лічыцца адным з апекуноў Горадні. Гэта падарунак Папы Рымскага горадзенскаму старасьце. Таксама тут можна ўбачыць копію Турынскай плашчаніцы.

Скляпеньні касьцёла

Старадаўнія абразы

Кнігі брыгітак

Рэчы, якія належалі манаскаму ордэну

Копія Турынскай плашчаніцы

Парэшткі сьвятога Клемэнса з IV стагодзьдзя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рамантуюць горадзенскі лямус — самую старую драўляную пабудову Беларусі. ФОТА