На месцы працуюць супрацоўнікі Сьледчага камітэту і МНС.
У самой вёсцы разгорнуты штаб пошукавага атраду «Анёл». Паводле кіраўніцы ляснога пошуку Крысьціны Крук, цяпер у пошуках хлопчыка ўдзельнічаюць 93 валянтэры, чакаецца падмацаваньне з розных рэгіёнаў.
«Да 150 чалавек мы дакладна зьбяром. Працуе 12 пошукавых груп. Аглядаюць паўторна вёску, дзе зьнік наш Іван, паглыблена, да сантымэтра».
Паводле Крысьціны, аглядаюцца як пабудовы ў вёсцы, так і ўся перасечаная мясцовасьць. Пакуль радыюс пошукаў — 4 кілямэтры.
«Але да вечара мы пашырымся, — кажа Крысьціна. — Ясна, што дзіця маленькае, не магло так далёка адысьці, але мо зьявіцца нейкі сьведка, удасца нешта высьветліць. Можа хтосьці бачыў хлопчыка».
У далейшых плянах атраду — расклейваць абвесткі ў навакольных вёсках і апытваць тамтэйшых людзей.
«Працуем дакладна да цемры, да перамогі, — кажа Крысьціна. — На гэты момант такая сытуацыя. Зачэпак ніякіх, пакуль нічога ня знойдзена».
Кіраўнік пошукавага атраду «Анёл» Сяргей Коўган кажа, што лягер для пошукаў добра абсталяваны: разгорнутая палявая кухня для гарачага харчаваньня, дзяжурыць мэдык. Уся інфармацыя апэратыўна зьбіраецца ў штабе.
«У нас усё згодна з плянамі. Абсьледуецца тэрыторыя, працуюць падрыхтаваныя людзі, выкарыстоўваюць абсталяваньне, якое запісвае рух пошукавай групы. Уся нашая інфармацыя будзе перададзеная супрацоўнікам СК і МНС», — кажа Сяргей.
Ваня Валошын, якому 1 год 11 месяцаў, выйшаў з дому ў вёсцы Люба́шкі ў Камянецкім раёне на Берасьцейшчыне ўдзень 10 красавіка. З таго часу невядома, дзе ён.