Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын заявіў, што гатовы правесьці трэці саміт з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
«Мы будзем цярпліва чакаць да канца году, калі ЗША ўхваляць сьмелае рашэньне», — цытуе Кім Чэн Ына паўночнакарэйскае агенцтва.
Ён абвінаваціў у правале лютаўскага саміту з Трампам Злучаныя Штаты. На ягоную думку, выстаўленыя Штатамі ўмовы выклікаюць пытаньні, ці сапраўды Вашынгтон гатовы палепшыць адносіны.
У той жа час Кім Чэн Ынсказаў, што ягоныя асабістыя стасункі з Трампам застаюцца добрымі і абодва лідэры могуць абменьвацца лістамі ў «любы час».
11 красавіка Трамп выказаў гатоўнасьць да трэцяга саміту з Кім Чэн Ынам, але заявіў, што Вашынгтон захавае санкцыі супраць Пхеньяна.
У чэрвені 2018 году прэзыдэнт ЗША ўпершыню ў гісторыі сустрэўся з кіраўніком КНДР. Бакі дамовіліся пра імкненьне да «поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы» ў абмен на гарантыі бясьпекі Паўночнай Карэі.
На другім саміце ў Ханоі 27–28 лютага Дональд Трам і Кім Чэн Ын не дасягнулі згоды. Белы дом заявіў, што прадстаўнікі дзьвюх краінаў працягнуць перамовы ў будучыні. На прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту Трамп заявіў, што галоўнай праблемай на перамовах зь лідэрам КНДР стала патрабаваньне Паўночнай Карэі цалкам зьняць санкцыі з Пхеньяна ў абмен на адмову ад ядзернай зброі, але Злучаныя Штаты на гэта не пайшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Трамп запатрабаваў ад КНДР перадаць увесь ядзерны арсэнал Амэрыцы