Крыжы, дэмантаваныя ў Курапатах, не адлюстраваныя ў існуючым пашпарце аб'екта і ня маюць ніякага дачыненьня да ўвекавечваньня памяці ахвяр сталінскага тэрору.
Пра гэта гаворыцца ў камэнтары прэс-службы Міністэрства лясной гаспадаркі «з прычыны дыскусій, якія абвастрыліся, адносна правядзеньня плянавых работ па добраўпарадкаваньні ляснога фонду ва ўрочышчы Курапаты».
Паводле міністэрства, з 4 па 9 красавіка Бараўлянскі спэцлясгас праводзіў плянавыя работы па добраўпарадкаваньні ляснога фонду.
«У прыватнасьці, спэцыялістамі лесагаспадарчай установы быў ажыцьцёўлены знос незаконных абʼектаў і ўстаноўлена агароджа па мяжы ахоўнай зоны».
Мінлясгас тлумачыць, што гэтыя працы праводзіліся ў адпаведнасьці
- з праектам зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940 гады) ва ўрочышчы Курапаты (Менскі раён)»,
- на падставе пастановы Савету Міністраў ад 17 верасьня 2018 году № 675 «Аб зацьвярджэньні правілаў добраўпарадкаваньня мэмарыялаў і помнікаў вайсковай славы, адзіночных і брацкіх магіл воінаў, якія загінулі ў гады Першай усясьветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, вайсковых могілак, асобных вайсковых участкаў агульных могілак, месцаў масавага пахаваньня грамадзянскага насельніцтва»
- і Кодэксу аб культуры.
У Мінлясгасе адзначылі, што раней Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла з ініцыятывай стаць заказчыкам стварэньня і ўзьвядзеньня памятнага знака ва ўрочышчы Курапаты. А ў лістападзе 2018 году на тэрыторыі ўрочышча быў устаноўлены памятны знак «Мэмарыял Курапаты», праведзена трасіроўка існуючай сьцежкі.
«Працы, якія праводзяцца ў красавіку, зьяўляюцца працягам добраўпарадкаваньня дадзенай тэрыторыі.
Што да зносу 70 крыжоў, то, паводле Мінлясгасу, «дадзеныя збудаваньні не адлюстраваныя ў існуючым пашпарце абʼекта і ня маюць ніякага дачыненьня да «ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскага тэрору».
Міністэрства спасылаецца на артыкул «Рэаліі і міты аб БССР: у БССР у гады рэпрэсій загінулі мільёны» дэпутата Ігара Марзалюка ў газэце «СБ. Беларусь сегодня».
У артыкуле гаворыцца, што «пахаваньні былі ажыцьцёўленыя ў другой палове 1930-х, прычым не раней за 1937 год» і што «расстрэльным месцам быў выключна высокі пагорак у глыбіні цяперашняга ляснога масіву і яго схілы».
«Такім чынам, заявы, што самавольныя крыжы былі ўсталяваныя на месцы расстрэлаў і пахаваньняў, — поўная хлусьня», — цытуе Мінлясгас Ігара Марзалюка.
«Такім чынам, заявы асобных актывістаў аб „абразе памяці“ і г.д. фактычна ня маюць пад сабой гістарычнай асновы і, па сутнасьці, наўмысна ўводзяць грамадзкасьць у зман.
Варта таксама падкрэсьліць, што ўсе крыжы, устаноўленыя на тэрыторыі ўрочышча законным чынам, пры правядзеньні работ па добраўпарадкаваньні былі захаваныя.
На тэрыторыі комплексу можна знайсьці, у тым ліку, і адны з самых першых крыжоў, што кажа аб трапяткім стаўленьні дзяржавы да захаваньня памяці», — заяўляе Мінлясгас.
Што адбылося?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў і пачалі ўсталёўваць плот. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.
Паралельна са зносам крыжоў у Курапатах затрымалі 15 чалавек. Увечары частку іх выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі.
У той жа дзень ва ўрочышчы каля 200 чалавек прайшлі хросным ходам і памаліліся за ахвяры сталінскіх рэпрэсій.
Абаронцаў Курапатаў асудзілі па адміністрацыйных пратаколах на 13–15 сутак, некаторым далі буйныя штрафы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Курапатах Паўла Севярынца асудзілі на 15 сутакСуд па крыжах у Курапатах меўся адбыцца пасьля 19 красавіка.
10 красавіка некалькі актывістаў аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта зварот, у якім просяць Лукашэнку вярнуць 70 зьнесеных ва ўрочышчы Курапаты крыжоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дашкевіч напісаў скаргу ў пракуратару Беларусі на «акт дзяржаўнага вандалізму» ў КурапатахУ Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі заявілі, што Бараўлянскі спэцлясгас гатовы вярнуць дэмантаваныя ў Курапатах крыжы, калі будуць прадстаўленыя дакумэнты, якія сьведчаць аб праве ўласнасьці на іх.
Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Рэакцыі палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб сабраныя тут.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5