Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў адказаў на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра гандлёвыя абмежаваньні як «санкцыі», піша ТАСС.
«Мы, вядома, ня можам пагадзіцца з Аляксандрам Рыгоравічам, — заявіў Пяскоў. — Ніякіх санкцый Расея ня ўводзіць».
Пяскоў дадаў, што «існуюць пэўныя тэмы, у якіх няма канчатковага разуменьня на двухбаковай аснове, тэмы камэрцыйнага характару, зьвязаныя з эканомікай»; але «працягваецца двухбаковая праца дзеля выхаду на гэтае самае супольнае разуменьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў гандлёвыя абмежаваньні Расеі супраць Беларусі «санкцыямі»Таксама Пяскоў адзначыў, што Пуцін у час апошняй сустрэчы з Лукашэнкам дэкляраваў прыхільнасьць так званай «саюзнай дзяржаве». Акрамя таго, «існуе вялізны аб’ём прамой і ўскоснай дапамогі, якую Расея аказвае Беларусі, нашым беларускім братам».
«Мы ня можам пагадзіцца ў тым, што гэта ўсё можна неяк асацыяваць з санкцыямі або з выкручваньнем рук, — сказаў Пяскоў. — Безумоўна, мы ўсё ж такі прыхільнікі танальнасьці, якая лепш адпавядае саюзьніцкаму характару нашых дачыненьняў, хоць часам і з разуменьнем ставімся да эмацыйных рэплік, зыходзячы зь вельмі асаблівага, вельмі блізкага і прыязнага характару нашых двухбаковых стасункаў».
Ён адмовіўся камэнтаваць заяву Лукашэнкі аб тым, што Белрусь пры неабходнасьці закрые трубапровады (Лукашэнка казаў, «нам трэба было б на некалькі дзён закрыць для рамонту гэтыя нафтаправоды, але мы ж не зрабілі так»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Нашая бяда — псыхалёгія. Мы, аграрыі, пачынаем ныць, што нам цяжка»