На дадатак да забароненых груш і яблыкаў зь Беларусі, Рассельгаснагляд зьбіраецца цалкам спыніць пастаўкі трускалак, шампіньёнаў і пэкінскай капусты. Глядзім, колькі Беларусь на гэтым страціць.
«Мы далей разглядаем іншыя віды прадукцыі, нехарактэрныя для Беларусі. Мы вымушаныя такія меры прымаць. І далей разглядаем трускалкі, пэкінскую капусту, шампіньёны», — сказаў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт агенцтву ТАСС.
Па словах кіраўніка ведамства, падчас праверкі Рассельгаснагляд устанавіў, што аб’ём шампіньёнаў, якія пастаўляюцца зь Беларусі ў Расею, у два разы перавышае афіцыйна зарэгістраваны абʼём гэтай прадукцыі для паставак.
Раней Рассельгаснагляд забараніў пастаўку яблыкаў і грушаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі ў Расею беларускіх яблыкаў і груш ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем беларускіх прадпрыемстваў трапілі ў «чорны сьпіс» РассельгаснаглядуКолькі Беларусь страціць
У 2018 годзе Беларусь паставіла ў Расею 21 тысячу тонаў трускалак на 9,4 мільёна даляраў, па зьвестках Белстату. Шампіньёнаў ці грыбоў роду agaricus прадалі 29 тысяч тонаў на 38,8 мільёна даляраў.
Пэкінскай капусты ці «гародніны з роду brassica» прадалі амаль 30 тысяч тонаў на 4,3 мільёна даляраў.
Сьвежых яблыкаў у Расею летась адгрузілі 81,5 тысячы тонаў на 22,8 мільёна даляраў, а груш — 75,9 тысячы тонаў на 14,8 мільёна даляраў.
Для кожнага з гэтых відаў прадукцыі асноўны рынак збыту летась — Расея.