Раніцай 9 красавіка ў адзін зь менскіх офісаў незалежнага тэлеканалу «Белсат» зь ператрусам прыйшлі міліцыянты. Тлумачым, што адбылося, максымальна каротка.
Што такое «Белсат»?
Польскі беларускамоўны тэлеканал «Белсат» вяшчае на Беларусь са сьнежня 2007 году. Канал неаднаразова зьвяртаўся па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў, але атрымліваў адмовы.
Праз адсутнасьць акрэдытацыі карэспандэнтам «Белсату» пэрыядычна прысуджаюць у Беларусі штрафы за «незаконны выраб і пашырэньне прадукцыі СМІ» (ч. 2 або ч. 3 арт. 22.9 КаАП). Некаторым выпісваюць па дзесяць штрафаў на год, але яны надалей працуюць.
Летась тых, хто супрацоўнічае зь «Белсатам», сумарна аштрафавалі на 46 тысяч даляраў у эквіваленце.
Як праходзіў ператрус
Супрацоўнік тэлеканалу Мікола Дзябёла кажа, што на пачатку 9-й у дамафон патэлефанавала жанчына, якая сказала, што хоча праверыць наяўнасьць гарачай вады. Яшчэ празь нейкі час пагрукалі і сказалі, што прыйшлі са Сьледчага камітэту.
Калі ён адмовіўся пусьціць іх у кватэру, пачуўся гул пілы-«баўгаркі». Урэшце Дзябёла адчыніў дзьверы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З офісу «Белсату» сьледчыя забралі 5 кампутараўПасьля 4 гадзінаў ператрусу журналісты пабачылі ў памяшканьні поўны хаос — паўсюль раскіданыя скрыні і асабістыя рэчы. Міліцыянты забралі два сыстэмныя блёкі, тры ноўтбукі, а таксама ўсе носьбіты інфармацыі.
Што шукалі ў журналістаў?
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч пацьвердзіў Свабодзе, што ператрус у офісе тэлеканалу «Белсат» зьвязаны са справай аб «паклёпе». Ён удакладніў, што ў офісе адбываюцца сьледчыя дзеяньні.
Гэтыя дзеяньні, адзначыў Кабаковіч, санкцыянаваў пракурор, і праводзяцца яны ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
«Сьледчым камітэтам расьсьледуецца крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 188 („паклёп“) Крымінальнага кодэксу, — дадаў прадстаўнік СК. — Заведзеная яна была пракуратурай гораду Менску за распаўсюд у інтэрнэце на сайце тэлеканалу „Белсат“ выдумкі паклёпніцкага характару. Падчас расьсьледаваньня былі атрыманыя зьвесткі аб месцы знаходжаньня кампутарнай тэхнікі, з дапамогай якой, як мяркуецца, была сьвядома распаўсюджаная непраўдзівая інфармацыя».
Пра які паклёп ідзе гаворка?
Журналіст Алесь Залеўскі расказаў, што ператрус можа быць зьвязаны з крымінальнай справай, якую распачалі па факце адной з публікацый. Улетку ў сваім тэлесюжэце тэлеканал паведамляў, што ў межах расьсьледаваньня па карупцыі ў мэдычнай сфэры затрымалі Алега Шведа (дырэктара «Мэдтэхнацэнтру»).
Паводле Залеўскага, калі інфармацыю прадублявалі на сайце, у тэксьце памылкова падалі, што затрыманыя абодва браты Шведы, у тым ліку генэрал Андрэй Швед, які быў абвінаваўцам у справе выбуху ў менскім мэтро. У канцы ліпеня «Белсат» на сваім сайце даў абвяржэньне гэтай інфармацыі, папрасіў прабачэньня ў Андрэя Шведа.
Андрэй Швед, у сваю чаргу, напісаў ліст Ігару Шуневічу, каб прыцягнуць журналістаў да адказнасьці за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі. Сьледчы камітэт праводзіў праверку і летась у лістападзе прыняў рашэньне не заводзіць крымінальную справу. Але ў студзені 2019-га Менская пракуратура вярнулася да гэтага выпадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрусы ў офісе тэлеканалу «Белсат». Што важна ведацьТым часам дырэктар «Мэдтэхнацэнтру» Алег Швед паведаміў 9 красавіка Tut.by, што яго таксама не затрымлівалі.
«Сакратар далажыла, што з боку тэлеканалу былі званкі, хацелі пагаварыць з дырэктарам. На той момант я быў у камандзіроўцы ў Гомлі па будаўніцтве абʼекта, потым Віцебск, па-мойму, быў. І я так зразумеў, што на падставе гэтых няўдалых кантактаў такую інфармацыю выдалі. Ніякіх затрыманьняў не было ніколі», — сказаў сёньня Алег Швед.
Ён патлумачыў, што летам мінулага году пісаў заяву ў РУУС Менскага раёну і прасіў правесьці праверку ў сувязі з паклёпам на яго адрас з боку тэлеканалу «Белсат».
Якое пакараньне пагражае за паклёп?
Цяпер у Беларусі за паклёп (арт. 188 КК РБ) ці абразу (арт. 189) могуць пакараць штрафам, арыштам, папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў.
Таксама ёсьць крымінальныя артыкулы за абразу прэзыдэнта (арт. 368), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369) і абразу судзьдзі (атр. 391). За абразу простага прадстаўніка ўлады або судзьдзі дадуць максымум тры гады абмежаваньня волі, за абразу прэзыдэнта — да трох гадоў пазбаўленьня волі. За паклёп адносна прэзыдэнта (арт. 367) максымальнае пакараньне — 5 гадоў турмы.
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі заявіў БелаПАН, што ўсе артыкулы за дыфамацыю павінны быць прыбраныя з Крымінальнага кодэксу.
«Такія справы павінны разглядацца выключна ў межах грамадзянска-прававых адносінаў, — сказаў прадстаўнік БАЖ. — Не павінна быць так, што адзін чалавек адчуў сябе абражаным, а на яго абарону становіцца ўся дзяржаўная машына, міліцыя, сьледчыя, дазнавальнікі».
Паводле Гарэцкага, пазыцыю БАЖ падтрымліваюць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў і Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Крымінальнага кодэксу трэба прыбраць артыкулы пра паклёп і абразу, — БАЖ пра справу «Белсату»