Існуе відавочная паралель паміж Аляксандрам Лукашэнкам узору 1994 году і Ўладзімірам Зяленскім 2019 году.
«Фішкі» абодвух падобныя: ёсьць прагнілая, карумпаваная, дыскрэдытаваная эліта, а супраць яе — збаўца, народны заступнік. Як у старым анэкдоце: усе ў га@не і тут выходжу я ўвесь у белым. Навагодняя дэклярацыя Зяленскага аб уступленьні ў выбарчую кампанію была вытрыманая менавіта ў такой стылістыцы.
Калі ён распавядае, як яны з Пуціным напішуць свае ўмовы і знойдуць агульную раўнадзейную — ну гэта дзіўны, мякка кажучы, плян. Але гэта для яго выбарнікаў і няважна.
Як мы гэта бачылі і ў 1994 годзе ў Беларусі, і ў ЗША ў 2016 годзе, падчас кампаніі Трампа — людзі рэагуюць на вобраз, на стыль, на тэмбар голасу, а не на тое, што ўласна гаворыцца. Тут разьлік толькі на гэта — на бунт супраць усёй эліты.
Улада мяняецца шмат у якіх краінах, мяняецца па-рознаму і з розных прычынаў. Але галоўным матывам менавіта падобных «электаральных рэвалюцыяў» зьяўляецца расчараваньне, няспраўджаныя надзеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Узьнялі гвалт, што быццам Парашэнка мне сябар, а Зяленскі — вораг»Прыход да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе быў рэакцыяй на наступствы перабудовы, распаду СССР і краху камунізму. Гэтыя падзеі спарадзілі вялікія надзеі, спадзевы. Яны шмат у чым ня спраўдзіліся, што выдатна апісала Сьвятлана Алексіевіч у сваім «Часе second hand». І рэакцыя — не памяняць белы бок шахматнай дошкі на чорны, а перавярнуць дошку. Усе прэч — і дэмакраты, і партакраты.
Выглядае, што і фэномэн Зяленскага — гэта такая ж рэакцыя няспраўджаных надзеяў, якія спарадзіла ўкраінская «рэвалюцыя годнасьці»: а пайшлі вы ўсе, датычныя да яе з абодвух бакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі выказаўся за перамовы з Пуціным і Ўкраіну ў NATOХаця ў гэтых антыэлітных бунтах заўсёды ёсьць пэўнае лукаўства. Нават у Беларусі ў 1994 годзе на выбарах перамог насамрэч не дырэктар саўгасу, а дэпутат парлямэнту, старшыня часовай парлямэнцкай камісіі.
Гэтак жа і ў ЗША ў 2016 годзе — Трамп быў плоць ад плоці той самай эліты. Тое самае тычыцца і Зяленскага. Назіральнікі адзначалі, што так рабіць «95-ы квартал», як яго рабіў і робіць Зяленскі, немагчыма без дакладнага і глыбокага веданьня ўсіх тонкасьцяў украінскай палітычнай кухні. Так што і Зяленскі — зусім не чужы ўкраінскаму палітыкуму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Код пакаленьня: Чым падобныя Зяленскі і «тройка» Белавус, Матолька, ПальчысІ калі ён паказаў сваю дэклярацыю аб даходах, то гэта не дэклярацыя яго героя-бессрэбраніка з сэрыялу «Слуга народу». Зяленскі — не алігарх, але чалавек вельмі заможны. Аднак у вобраз змагара за народ супраць элітаў ён трапіў дакладна.
Адрозьненьняў паміж Лукашэнкам-1994 і Зяленскім-2019 хіба ня больш, чым падабенстваў. У нечым яны нават антыподы. Лукашэнка тады быў кумірам вёскі і людзей сталага веку, Зяленскі цяпер — моладзі і гораду. Лукашэнка быў кандыдатам рэваншу, Зяленскі — хутчэй карэкцыі. Іншы народ, іншы час, іншы крызіс расчараваньня.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.