На прэс-канфэрэнцыі ў Менску генэральны дырэктар мабільнага апэратара velcom Гельмут Дуз абвясьціў пра рэбрэндынг. Як частка аўстрыйскай А1 Telekom Austria Group, апэратар стане звацца «A1».
Як адзначае Tut.by, падобным шляхам перайменавалі апэратараў групы ў іншых краінах: цяпер існуюць «A1 Аўстрыя», «A1 Баўгарыя», «A1 Харватыя» і «A1 Славенія».
Паводле Onliner.by, кампанія паабяцала, што рэбрэндынг ня зьменіць дамовы для абанэнтаў, а толькі прапануе роўмінгавы пакет па сетках групы для некаторых тарыфаў.
Як адзначае БелТА, кампанія пачала трансфармацыю яшчэ чатыры шады таму, а цяпер яе завяршае. Гельмут Дуз казаў, што спадзяецца да канца году завяршыць пераход да брэнду «А1».
У сакавіку velcom атрымаў доступ да дзяржаўнай сеткі 4G — абанэнтам апэратара падключылі хуткасны інтэрнэт паводле тэхналёгіі LTE праз больш як тры гады пасьля запуску сеткі. Апэратар не пагаджаўся на ўмовы дзяржаўнага манапаліста «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» і хацеў запусьціць уласную LTE-сетку, на якую не атрымаў частотаў.
velcom другі па колькасьці абанэнтаў апэратар Беларусі. На канец 2018 году ў яго налічвалася 4 873 000 абанэнтаў, калі МТС меў 5,5 млн, а Life:) — 1,6 млн.
Акрамя мабільнай сувязі, velcom прапаноўвае паслугі хатняга інтэрнэту і інтэрнэт-ТВ — у 2016 годзе кампанія паглынула правайдэра «Атлант-Тэлекам».
Мінулы раз velcom праводзіў рэбрэндынг у 2008 годзе, але тады не мянялася назва — толькі лягатып, які спрасьцілі да мінімалістычнага, і фірмовыя колеры, якія былі жоўта-чырвонымі, а сталі жоўта-чорнымі.
У тым жа годзе прайшоў рэбрэндынг іншага апэратара. Дзяржаўны «БеСТ» быў выкуплены турэцкай Turkcell і перайменаваны ў Life:).