У Менску чацьвёрты дзень ідзе фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Сярод гасьцей фэстывалю — літаратурныя зоркі, колішнія дысыдэнты літоўскі паэт Томас Вянцлава і расейскі пісьменьнік Віктар Ерафееў. Свабода сабрала самыя яскравыя цытаты з дыскусіі «Пісьменьнік, улада і грамадзтва: межы адказнасьці».
Пра Курапаты
Арлоў: «Злачынства, учыненае ў Курапатах, яшчэ раз жорстка і брутальна нагадвае нам: мы жывем у вельмі несвабоднай краіне. У такой краіне заўсёды існуе праблема мастака і ўлады. Улада імкнецца мастака прылашчыць, купіць. Калі гэта не ўдаецца, то запалохаць альбо замаўчаць. Занесьці ў чорны сьпіс, ня згадваць яго доўгімі гадамі, як больш за дзесяць гадоў рабіла ўлада з сусьветна вядомым пісьменьнікам Васілём Быкавым».
Вянцлава: «Сёньня мы, некалькі літоўцаў, былі ў Курапатах, паклалі там кветкі, запалілі сьвечкі. Тое, што адбылося, агідна і жахліва».
Пра бунт пісьменьніка
Ерафееў: «Пісьменьнік мусіць быць бунтаром, прычым пры кожным рэжыме: дэмакратычным, аўтарытарным, таталітарным, манархічным... Ён бунтуе, бо мае іншае ўяўленьне пра сьвет. І штораз гэтае бачаньне сьвету аказваецца нейкай камэтай, на якую чытач глядзіць і захапляецца, што ў пісьменьніка ёсьць мара. Бунт пісьменьніка – мара для чытача».
Вянцлава: «Наконт узаемадачыненьняў пісьменьніка і ўлады добра сказаў расейскі паэт Велімір Хлебнікаў: «Паліцэйскі ўчастак – гэта выдатнае месца сустрэчы паэта і дзяржавы«. І гэта правільна. У пэўных выпадках так і павінна быць».
Пра энтрапію
Ерафееў: «Культура — барацьба з энтрапіяй. Дзяржава — гэта толькі частка энтрапіі. Але ня ўся. Шмат зла закладзена ў нас саміх. Пашукаць энтрапію лепей у саміх сабе, бо мы часта выцясьняем усё зло на дзяржаву. Але яшчэ Хрыстос казаў, што вонкавае зло не такое вялікае, як унутранае».
Вянцлава: «Фізыка сьцьвярджае, што энтрапія непераможная. Яна ўсё адно дасьць нам рады. Заснавальнік сэміётыкі Чарльз Сандэрс Пірс казаў: „Калі б мы жылі дастаткова доўга, мы б пабачылі, як зьнікае абсалютна ўсё, што нам важна і што мы любім“. Нотр-Дам некалі зьнікне. Краіна, якую ты любіш, зьнікне. Мова, якую ты любіш, зьнікне. Усё зьнікне. На вялікае шчасьце, наша жыцьцё кароткае, каб перажыць гэта».
Пра ролю пісьменьніка
Арлоў: «Літаратура і пісьменьнік нікому нічога не павінныя. Яны проста мусяць быць, існаваць. Іначай здарыцца тое, што здарылася з Картагенам. Бо картагенцы стварылі выдатную цывілізацыю. У іх былі агранамічныя і астранамічныя трактаты, але яны не стварылі мастацкай літаратуры. У іх не было ні паэзіі, ні драмы, ні прозы. Можа быць, менавіта таму Картаген і быў разбураны».
Ерафееў: «У адрозьненьне ад журналістаў, у пісьменьніка энэргія ідзе не зь цябе, а да цябе. І ты павінен наладзіцца на гэтую хвалю. Тады тэкст дыктуецца нейкімі вышэйшымі сіламі».
Вянцлава: «Пісьменьнік можа і ня мець грамадзянскай пазыцыі, і гэта ня так страшна. Але калі пры гэтым ён піша добра, то ўсё ж такі выконвае сваю галоўную задачу».
Арлоў: «Акадэмік Уладзімір Вярнадзкі казаў, што калі ў пераломныя або ў складаныя пэрыяды для дзяржавы вучоны замыкаецца ў сваёй лябараторыі, ён губляе ня толькі як грамадзянін, а можа быць, губляе яшчэ больш як вучоны. Я думаю, для пісьменьніка гэта гучыць яшчэ больш актуальна».
Пры дысыдэнцтва
Вянцлава: «Мне кажуць: „Ну што зрабілі дысыдэнты?“ Адказ у мяне як у казцы пра рэпку. Дзед Рэйган цягнуў-цягнуў — ня мог выцягнуць гэтую рэпку. Бабка Тэтчэр цягнула-цягнула — не магла. Сабака, кот цягнулі. А потым падбегла „мышка-дысыдэнтка“ — і рэпка пайшла. Можа, і ня ўсе з нас, дысыдэнтаў, але хтосьці дакладна быў гэтай мышкай. І гэта дае надзею на будучыню і для Расеі, і для Беларусі».
Пра «удар бамбукавай палкай»
Вянцлава: «Да 19 гадоў я быў вернікам-камсамольцам. Я памятаю, як зьмяніў свае погляды. У дзэн-будызьме ёсьць такі мэтад: гуру-настаўнік б’е вучня бамбукавай палкай па галаве. У гэты момант вучань усё разумее: хто такі Буда, што такое карма, што такое нірвана, як перамагчы кола перараджэньня. Для мяне такім ударам бамбукавай палкай было зьнішчэньне Вугорскай рэвалюцыі ў 1956 годзе. Тады я зразумеў: гэтую сыстэму выправіць нельга. Адзінае, што нам застаецца, — гэта паціху расхістваць яе і жыць так, нібы яе няма».
Пра адказнасьць за абставіны
Ерафееў: «Мы кажам: „Чалавек добры, абставіны дрэнныя“. А хто прыдумаў гэтыя абставіны? Хто галасаваў за таго ці іншага прэзыдэнта? Навошта галасаваў? Гэта абмяркоўваюць толькі пасьля таго, як адбыліся выбары».
Пра літаратуру супраць энтрапіі
Вянцлава: «Якасная літаратура любой эпохі працуе супраць энтрапіі і таталітарызму. Шэксьпір, Шылер, Дыкенс у савецкі час былі агульнадаступныя для чытача. Мы павінны дзякаваць Богу, што ў таварыша Сталіна не хапіла розуму забараніць гэтых аўтараў».
Пра дзьве Беларусі
Арлоў: «У нас як бы дзьве Беларусі ў адзін і той жа час на адной тэрыторыі. У кожнай свае аўтарытэты, свая гісторыя, свае мары пра будучыню. У нас два саюзы пісьменьнікаў, два саюзы журналістаў, нават два саюзы палякаў. У нашай краіне ў палітыку ператварылі ўсё: і мэмарыял у Курапатах, і беларускую мову, і літаратуру».