87 гадоў таму ў Барысаве пачаўся галодны бунт

Ілюстрацыйнае фота

7 красавіка 1932 году, калі прадуктовыя нормы ў СССР былі зьменшаныя ўдвая, у Барысаве пачаліся стыхійныя пратэсты. Да 10 красавіка людзі ўрываліся ў хлебныя лаўкі і прадуктовыя склады, разьбіралі харчы.

Абурэньне голадам падзялялі і чырвонаармейцы, і некаторыя камуністы. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, некаторыя міліцыянты «вырывалі з рук работнікаў прылаўка хлеб і перадавалі прысутным жанчынам». Ня менш за паўсотні чалавек тады былі затрыманыя, некаторыя асуджаныя на зьняволеньне.

Барысаўскі галодны бунт на сёньня застаецца адзіным задакумэнтаваным маштабным выступленьнем грамадзянаў БССР супраць скарачэньня хлебных нормаў у 1932 годзе. Нягледзячы на тое, што гэтае выступленьне было цалкам стыхійным і неарганізаваным — не было яўных лідэраў ці кіраўнікоў выступленьняў, не былі высунутыя палітычныя ці эканамічныя патрабаваньні — яго называюць унікальнай зьявай для Беларусі трыццатых гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі галадамор. 10 фактаў пра голад у БССР у 30-х і 40-х гадах

Паведамлялася таксама, што бунты паўтарыліся праз год. 3 траўня 1933 году, як пісаў гісторык Юрка Віцьбіч, натоўп барысаўскіх жанчын разам зь дзецьмі рушыў да прадуктовых складоў, частка складоў была разрабаваная. Супрацоўнікі НКВД паспрабавалі спыніць жанчын, але ім гэтага не ўдалося — жанчыны рушылі да запалкавай фабрыкі, каб выклікаць на вуліцу сваіх мужчынаў.

У выніку бунтаў каля 1400 барысаўцаў былі арыштаваныя, дзьвесьце зь іх былі расстраляныя адразу, астатніх выслалі ў сталінскія канцлягеры, сьцьвярджае Віцьбіч. Ніводзін з высланых дадому не вярнуўся.

Расстрэлы адбываліся ў мясцовасьці, якую барысаўцы называюць «Батарэі». У пачатку 2000-х мясцовыя актывісты ўсталявалі там крыжы ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў, у 2008 годзе камунальшчыкі сьпілавалі крыжы.