Больш за 600 пажараў у прыродных экасыстэмах Беларусі, найперш у лясах і тарфяніках, ужо адбылося з пачатку 2019 году. Гэта істотна болей, чым у папярэднія гады.
Супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Андрэй Юржыц, які паведаміў гэтыя факты, адзначыў: пажары пераважна ўзьнікаюць таму, што людзі неасьцярожна выпальваюць сухую расьліннасьць. Менавіта з гэтай прычыны загінулі тры пэнсіянэры — у Горадзенскай, Гомельскай і Менскай абласьцях.
Аляксандар Угрын, супрацоўнік Міністэрства лясной гаспадаркі, спаслаўся на нехарактэрныя ўмовы надвор’я ўвесну 2019 году:
«Сонечнае надвор’е адначасова з моцнымі вятрамі прывяло да таго, што ўжо ў другой дэкадзе сакавіка лесагаспадарчыя арганізацыі пачалі тушыць лясныя пажары. Так, першае ўзгараньне было зарэгістраванае 18 сакавіка».
Што цяпер забаронена рабіць у лесе
Паводле правілаў пажарнай бясьпекі ў лясах Беларусі падчас супрацьпажарнага сэзону забараняецца разводзіць вогнішчы.
Разводзіць вогнішчы дазваляецца (у тым ліку з выкарыстаньнем мангалаў, барбэкю, грыляў, газавых плітаў) з абавязковым выкананьнем некалькіх умоваў:
- стварэньне паласы, якая ачышчаецца да мінэральнага слою глебы, шырынёю ня менш як 25 сантымэтраў;
- выключэньне пашкоджаньня агнём крон, ствалоў і каранёвых лап дрэваў;
- абавязковы кантроль за працэсам гарэньня;
- наяўнасьць сродкаў тушэньня (вогнетушыцелі, ёмістасьці зь пяском, рыдлёўкі і г.д.);
- па заканчэньні вогнішча трэба патушыць, каб зусім перастала тлець.
За парушэньні патрабаваньняў пажарнай бясьпекі ў лясах накладаецца штраф у памеры да 25 базавых велічынь (з 1 студзеня 2019 году памер базавай велічыні — 25,5 рубля). За тыя ж дзеяньні, якія выклікалі зьнішчэньне альбо пашкоджаньне лесу, прадугледжаны штраф у памеры да 50 базавых велічынь.
На дзяржаўнай мяжы з пажарамі спакойна
Са станоўчага Аляксандар Угрын назваў спакойную пажарную трансьмежавую сытуацыю, асабліва на дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Дзякуючы прафіляктычным захадам, у прыватнасьці ўсталяваньню аўтаматычных сыстэмаў назіраньня і пракладаньню супрацьпажарных канаваў, сёлета становішча тут нармальнае. Цяпер у раёнах паблізу мяжы дзейнічаюць дамовы паміж беларускім і ўкраінскім бакамі аб супольнай прафіляктыцы і барацьбе зь ляснымі пажарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ратавальнікі патушылі пажар у Чарнобыльскай зоне