Сьцісла:
- Беларусь ня надта рэлігійная краіна, але і не атэістычная;
- У Беларусі шмат схільных да забабонаў людзей, якія своеасабліва, але сур’ёзна ставяцца да ўсяго, што зьвязана з рэлігіяй;
- Нават тыя, хто нічога ня ведаў пра Курапаты, з часам дазнаюцца пра інфэрнальныя сцэны з выкарчаванымі крыжамі;
- Жадаючы чарговы раз прынізіць сваіх ідэйных апанэнтаў, Лукашэнка зрабіў чорны PR для часткі ляяльнага да сябе электарату.
Можна па-рознаму ставіцца да забабоннасьці суайчыньнікаў, але факт: да ўсяго, зьвязанага з рэлігіяй, у Беларусі ставяцца сур’ёзна, хоць і своеасабліва.
А таму «добраўпарадкаваньне», а насамрэч брутальнае карчаваньне крыжоў у Курапатах выглядала інфэрнальна. Гэткім сабе рэпартажам зь пекла. Дэпутатка парлямэнту Ганна Канапацкая нават напісала ў сябе ў фэйсбуку: «Падобна, што ў Курапаты прыйшоў шатан. Ніводзін хрысьціянін у сьвеце не ўздыме руку на крыж! Усе, УСЕ хто арганізаваў сёньня гэтае богазьневажаньне, наклічуць на сябе бяду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатцы Канапацкай адмовіліся паказаць дакумэнты на знос крыжоў у КурапатахЯк было папраўдзе, мы наўрад ці даведаемся. Ці то Лукашэнка сказаў і забыўся, а гэтыя выканалі; ці то сказаў, не забыўся і пракантраляваў, каб выканалі. У кожным разе 1-га сакавіка Лукашэнка ў жывым эфіры «вялікай размовы» заявіў, што па пэрымэтры Курапатаў крыжы не патрэбны, а крыху больш як празь месяц, 4-га красавіка, крыжы выкапалі, папярэдне заблякаваўшы падыходы да ўрочышча з дапамогай міліцыі.
У сеціве ўжо можна пабачыць дзе-нідзе выказваньні пра тое, што Лукашэнка «пасьля зробіць красіва, як ён бачыць», «паверне ўсё назад», «зробіць выгляд, што падначаленыя дурні, а ён малайчына». Магчыма. Але карцінкі застануцца. Як карчуюць крыжы, як іх штабэлямі вывозяць на грузавіку. І міліцэйскае ачапленьне застанецца. Уся гэта маштабная спэцапэрацыя застанецца ў памяці змаганьнем з крыжамі, а не добраўпарадкаваньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў, 15 абаронцаў затрымалі. Фота, відэа, камэнтарыТак, пасьля можна будзе патлумачыць, што насамрэч Лукашэнка змагаецца з апазыцыяй, зь непадцэнзурнымі яму грамадзкімі дзеяньнямі. Што Лукашэнка хоча прысабечыць Курапаты як сымбаль. Пазбавіць нязгодных ь ягонай уладай апошняга знакавага месца. Але карцінка застанецца — карчуюць крыж.
І вось гэтая карцінка з часам дзе праз інтэрнэт, дзе праз «сарафаннае радыё» дойдзе да тых людзей, якія ведаць ня ведалі пра Курапаты, бо «палітыкай не цікавяцца», а ў інтэрнэце адно глядзяць прагноз надвор’я ды карыстаюцца вядомай праграмкай для камунікацыі праз смартфон. Тыя самыя людзі, якія часта абрад хросту ўспрымаюць як своеасаблівы абярэг, а не далучэньне да сям’і вернікаў. Але якія па-свойму вельмі трапятліва ставяцца да хрысьціянскіх сымбаляў.
Хочучы чарговы раз прынізіць сваіх ідэйных апанэнтаў, Лукашэнка зрабіў чорны PR для часткі ляяльнага да сябе электарату.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.