Рэчыцкі раённы савет дэпутатаў афіцыйна перайменаваў вуліцу і завулак, якія раней насілі імя славутага паэта Адама Міцкевіча, у вуліцу і завулак Яўгена Міцкевіча — савецкага вайсковага дзеяча.
Дакумэнт быў афіцыйна апублікаваны на Pravo.by, рашэньне набыло сілу адразу пасьля публікацыі дакумэнту 5 красавіка.
Перайменаваньне ніяк не абгрунтоўваецца ні ў тэксьце, ні на сайце райвыканкаму. Не ўдакладняецца нават, хто такі гэты Яўген Міцкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 220 гадоў Адаму Міцкевічу — паэту, які пасварыўся з папам Рымскім і сыграў ролю Барбары РадзівілАле, напэўна, гаворка ідзе пра ўкраінца па паходжаньні Яўгена Пятровіча Міцкевіча, які жыў у 1893–1959 гадах, — такі чалавек, паводле сайту расейскай замежнай выведкі, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сьцяга «за ліквідацыю бандфармаваньняў у Беларусі». Паводле іншых крыніц, «выгнаў бунтароў з Рэчыцы» «у час карнілаўшчыны» (антыбальшавіцкага паўстаньня «белых» у 1917 годзе).
Гэты Міцкевіч у час расейскай грамадзянскай вайны камандаваў палком, у час вайны Саветаў з Польшчай нібыта ўдзельнічаў у бітве з корпусам Доўбар-Мусіцкага. Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі быў камісарам юстыцыі Рэчыцкага савету, старшынём рэвалюцыйнага камітэту, старшынём выканкаму, вайсковым камісарам Рэчыцкага павету. У 1925 годзе нібыта шпіёніў у нямецкім Гамбургу, ствараў агентурную сетку. У 1927–1930 гадах шпіёніў у італьянскім Рыме, у 1931–1933 «знаходзіўся ў службовай выправе ў Вялікай Брытаніі», пасьля шпіёніў у ЗША і Кітаі. У 1937–1941 гадах працаваў у НКВД на «розных пасадах», у 1941 годзе «вярнуўся ў замежную выведку». У 1938–1953 гадах быў начальнікам катэдры ў выведнай школе КДБ.
Цяпер сытуацыя з вуліцай Міцкевіча ў Рэчыцы нагадвае такую ж з вуліцай Караткевіча ў Менску. Менская вуліца названая ня ў гонар славутага беларускага пісьменьніка і паэта Ўладзімера Караткевіча, а ў гонар савецкага падпольшчыка Дзьмітрыя Караткевіча.
Свабода зьвярнулася ў Рэчыцкі райвыканкам па камэнтар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня Леніна: якія назвы вуліцаў найчасьцейшыя ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам паабяцаў вуліцы імя Барадуліна, Бураўкіна і Быкава, як толькі збудуюць новыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зьявяцца вуліца Ніколы Тэслы і сквэр Эўфрасіньні Полацкай